Балотнік (міталёгія)

славянскі дух балота

Бало́тнік — у беларускай міталёгіі дух, адзін з чатырох відаў балотных нячысьцікаў.

Апісаньне

рэдагаваць

Тоўсты, без вачэй, увесь пакрыты брудам, да якога наліпла багавіньне, жукі, смаўжы, мох і іншыя вадзяныя істоты. Самы пачварны з усіх нячысьцікаў. Прыгожымі гукамі і вобразамі ён заманьвае чалавека ў сваю дрыгву, а калі той пачынае тануць, балотнік цягне яго ўніз. Разьяднаная паверхня багны сыходзіцца зноў, не пакідаючы сьлядоў сьмерці ахвяры. Калі багна недастаткова глыбокая, каб затапіць чалавека, балотніку застаецца толькі мучыцца бясьсільнай злосьцю. У адрозьненьне ад большасьці нячысьцікаў, не баіцца маланак Пяруна. Тыя губляюць сілу, дасягаючы паверхні вады. Балотнік нават з сатанінскай усьмешкай падхоплівае нябесныя стрэлы.

Самая вялікая пагроза для балотніка — асушэньне балотаў. Часта няздольны выбрацца з высахлага жытла, ён гіне. Труп балотніка зьмешваецца зь зямлёй і ператвараецца ва ўгнаеньне. Робіцца адным нячысьцікам меней, бо ўсе яны — самотныя, халасьцякі. Больш за ўсё балотнік ня любіць, калі людзі трывожаць яго, ходзячы па дрыгве на адмысловых балотных лыжах. Зімою, калі балота прамярзае да самага дна, балотнік гіне. Таму ён растоплівае ніжні пляст ільда сваім цёплым подыхам. Усё зіму яму даводзіцца са злосьцю цярпець грукат людзкіх ног і вазоў, якія рухаюцца па паверхні яго балота.

Сярод кветак і ягад патаемна вырошчвае багун, каб затуманіць розум чалавека, і прарывае балотныя акенцы, якія атачае кветкамі, да якіх падганяе рыбу. Гэта пасткі, якія зьнішчылі не адно жыцьцё. Як і астатнія балотныя нячысьцікі, ня зьвязваецца з вадзяніком.

Згадваецца ў М. Я. Нікіфароўскага.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць