Аўгустус П’юджын

(Перанакіравана з «Аўгустус П'юджын»)

Аўгустус Ўэлбі Нортмар П'юджын (па-ангельску: Augustus Welby Northmore Pugin; 1 сакавіка 181214 верасьня 1852) — брытанскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, адзін з найважнейшых прадстаўнікоў нэаготыкі. Напачатку свайго творчага шляху ўдзельнічаў у адбудове Вэстмінстэрскага палацу пасьля пажару 1834 году ў якасьці асыстэнта Чарлза Бары. Асноўным кірункам працы П’юджына было будаўніцтва цэркваў. Сам ён навярнуўся ў каталіцтва ў 1835, але працягваў будаваць і англіканскія храмы.

Аўгустус П'юджын

Аўгустус Ўэлбі Нортмар П'юджын паходзіў з францускай пратэстанцкай сям'і. Ягоны бацька, Аўгустус Чарлз П'юджын, быў вядомым малявальшчыкам. Пачатковую адукацыю хлопчык атрымаў у школе Крайстс Хоспітал. Ягоныя таленты ў дызайне былі рана заўважаныя, і ва ўзросьце 15 год ён ужо працаваў над эскізамі мэблі для Віндзарскага Палацу (сам ён пазьней даволі скептычна ацэньваў свае раньнія работы).

У 1831 годзе ён ажаніўся ў першы раз, з Эн Гарнэт. У траўні наступнага году яна памерла пры родах. У 1933 П'юджын пабраўся шлюбам з Луізай Бэртан, якая нарадзіла яму шасьцярых дзяцей (сярод іх — Эдварда Ўэлбі П'юджына). У 1835 годзе П'юджын прыняў каталіцтва, жонка пасьледавала ягонаму прыкладу ў 1839. У 1844 годзе Луіза памерла. У 1848 П'юджын ажаніўся ў трэці раз, з Джэйн Ніл, і меў зь ёю дваіх дзяцей (сярод іх быў Пітэр Пол П'юджын). У 1852 годзе ён памёр ва ўзрозьце 40 год, магчыма ў выніку атручваньня ртуцьцю.

 
Касьцёл сьв. Францішка Ксаверыя ў Бэрыме (Новы Паўднёвы Ўэльс), створаны Аўгустусам П'юджынам

Свае погляды П'юджын выказаў у працах «Ісьцінныя прынцыпы сьпічастай альбо хрысьціянскай архітэктуры» (1841) і «Апалёгія адраджэньня хрысьціянскае архітэктуры ў Англіі» (1843). У якасьці асноўнага правіла добрай архітэктуры ён прапануе наступнае: кожны элемэнт будынку павінны мець сваё прызначэньне, і карысныя часткі канструкцыі трэба ўпрыгожваць, а не хаваць за асобна сканструяванымі ўпрыгожаньнямі. Сярод іншых прыкладаў ён зьвяртае ўвагу на цьвікі й скобы, якія ў готыцы не хаваюцца й не маскіруюцца, а робяцца часткаю агульнага ўзору.

Зыходзячы з гэтых жа прынцыпаў, П'юджын рэзка крытыкуе клясыцызм у царкоўнай архітэктуры. На ягоную думку, антычныя храмы будаваліся для прынцыпова іншага тыпу набажэнстваў, і перапрыстасаваньне гэтай канструкцыі для хрысьціянскае літургіі ў кожным разе зьнішчае характэрны выгляд будынку, да якога імкнецца архітэктар-клясыцыст. У той жа час, паводле П'юджына, канструкцыя і эстэтыка гатычнага храма цалкам абумоўлена патрэбамі хрысьціянскага набажэнства і павінна служыць узорам для архітэктараў усіх пазьнейшых часоў. Апроч таго, антычную архітэктуру ён лічыць недасканалай, бо тая механічна пераносіць прынцыпы драўлянага дойлідзтва на каменныя будынкі, ў той час як готыка абапіраецца на ўласьцівасьці менавіта камня й цэглы. Адзіным вытлумачэньнем прыняцьця антычнае архітэктуры за ідэал П'юджын называе захапленьне паганствам і перадузятасьць да хрысьціянскага сярэднявечча.

Падобныя погляды П'юджын выказваў і адносна іншых галінаў мастацтва, у прыватнасьці заклікаючы да адраджэньня грэгарыянскага сьпеву.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Аўгустус П’юджынсховішча мультымэдыйных матэрыялаў