Алтар
Алта́р (таксама аўта́р)— месца, на якім жрацы прыносілі ахвяраваньні богу, згодна са старажытным значэньнем. Пазьней, калі сталі будаваць сталыя бажніцы, так называлася галоўная ўсходняя частка гэтага будынка, у якой зьдзяйсьнялася богаслужэньне. У юдэяў алтары адрозьніваліся паміж сабою па сваёй форме й архітэктуры ў залежнасьці ад тых мэтаў, дзеля якіх яны служылі. У іх былі алтары для спальваньня жывёлы й алтары бяскроўныя, на якіх спальвалі хлебныя дары й курылі фіміям[1].
У хрысьціянскім царкоўна-рэлігійным кульце алтары зьявіліся толькі ў часы панаваньня рымскага імпэратара Канстантына Вялікага ў IV стагодзьдзі, а пачынаючы з V стагодзьдзя пачалі ўпрыгожваць алтар крыжам, а з часоў папы Грыгорыюса VI у каталіцкай царкве стала звычаем будаваць у касьцёле па некалькі алтароў, адзін зь якіх зьяўляўся галоўным. У праваслаўнай царкве алтаром прынята называць частку храма, прызначаную для сьвятароў і аддзеленую ад сярэдняй часткі храма высокім іканастасам[1].