«Ахвярада́ўца» (па-польску: Jałmuźnik — «чалавек, які раздае міласьціну») — найвялікшы вершаваны твор Яна Пратасовіча, выдадзены ў Вільні ў 1597 годзе. Уяўляе сабой вершаваную перапрацоўку сачыненьня італьянскага вучонага Юлія Фолька (1574, Рым).

Асноўная думка твору — неабходнасьць дапамагаць няшчасным, бедным, каб зрабіць іх до­лю крыху лягчэйшай.

На адвароце тытульнай старонкі выданьня была зьмешчана пад выяваю радзівілаўскага герба эпіграма, а далей — два прысьвячэньні князю Мікалаю Радзівілу «Сіротку» і прадмова да чытача. У дэдыкацыйных вершах аўтар выказвае князю шчырую падзяку за колішнюю маральную і матэрыяльную падтрымку і просіць княскім аўтарытэтам засьведчыць слушнасьць выказаных у творы ідэяў.

Напрыканцы кнігі Я. Пратасовіч зьмясьціў вялікі верш «Да скупога», у якім падагульніў сказанае ў асноўнай частцы твору з дапамогаю выказваньняў Сакрата, Дэмакрыта і сэнтэнцыяў зь Бібліі.

Літаратура рэдагаваць

  • Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 313—314.
  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 634