Анатоль Пепяляеў
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |
Анатоль Мікалаевіч Пепяляеў (3 (15) ліпеня 1891, Томск, Расейская імпэрыя — 14 студзеня 1938, Новасыбірск, РСФСР) — вайсковец.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і патомнага двараніна, генэрал-леўтэнанта Мікалая і Клаўдзіі (у дзявоцтве Някрасавай) Пепяляевых.
У 1902—1908 гг. вучыўся ў Омскім кадэцкім корпусе. У 1908—1910 гг. у Паўлаўскай ваеннай вучэльні ў Санкт-Пецярбурзе, адкуль выпусьціўся прапаршчыкам і быў накіраваны на службу ў кулямётную каманду 42-га Сыбірскага палку, якая кватаравала ў Томску.
У 1912 г. Анатоль пабраўся шлюбам зь Нінай Іванаўнай Гаўронскай (1893—1979), якая паходзіла зь Ніжнеўдзінска, і ў іх нарадзіліся сыны: Усевалад (1913) ды Лаўр (1922).
У 1914 г., яшчэ да пачатку І-й Усясьветнай войны, Анатоль атрымаў званьне паручніка. На фронце быў камандзірам коннай выведкі свайго палка і адзначыўся пры Сольдаў (цяпер Дзялдава) і Праснышам ў Плоцкай губэрні Прывісьлянскага краю Расейскай губэрні. У 1916 г., пад час двухмесячнага адпачынку, выкладаў тактыку ў прыфрантавой школе прапаршчыкаў. У 1916 г. ён камандаваў батальёнам пад м. Баранавічы ў Наваградзкім павеце Менскай губэрні. У 1917 г., яшчэ да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. атрымаў званьне капітана.
За воінскую доблесьць Пепяляеў атрымаў: Ордэн Сьв. Ганны 4-й ступені з надпісам «За храбрасьць»; Ордэн Сьв. Ганны 3-й ступені; Ордэн Сьв. Ганны 2-й ступені; Ордэн Сьв. Станіслава 3-й ступені; Ордэн Сьв. Станіслава 2-й ступені; Ордэн Сьв. Уладзімера 4-й ступені зь мячамі і бантам; Ордэн Сьв. Георгія 4-й ступені (27. 01. 1917) і Георгіеўская зброя (27. 09. 1916).
Пры Керанскім атрымаў званьне падпалкоўніка. Пасьля Кастрычніцкага перавароту 1917 г. Рада салдацкіх дэпутатаў пакінула яго на пасадзе камандзіра батальёна. У красавіку 1918 г., пасьля падпісаньня Брэст-Літоўскай дамовы зьехаў у Томск. Там ён сустрэў свайго даўняга сябра, капітана Даставалава, які ўвёў Пепяляева ў таемную афіцэрскую арганізацыю, створаную 1 студзеня 1918 г. палкоўнікамі Вішнеўскім і Самарокавым. Анатоль быў абраны начальнікам штаба гэтай арганізацыі, якая плянавала зьвяржэньне бальшавікоў, якія захапілі ўладу ў горадзе 6 сьнежня 1917 г.
31 траўня ў Томску была ўсталявана ўлада «Сыбірскага ўраду» П. Валагоцкага. Пепяляеў стварыў 13 чэрвеня 1918 г. па яе даручэньні 1-й Сярэдне-Сыбірскі стралковы корпус і зь ім рушыў па Транссыбірскай магістралі на ўсход вызваляць Сыбір ад бальшавікоў. 18 чэрвеня 1918 г. быў узяты Краснаярск, 20 жніўня Верхнеўдзінск і 26 жніўня Чыта. За гэты паход Пепяляеў атрымаў званьне палкоўніка, а 28 лютага 1919 г. быў узнагароджаны ордэнам Сьв. Георгія 3-й ступені.
Па загадзе старшыні Ўфімскай дырэкторыі М. Аўксенцьева, корпус Пепяляева перакідваюць у Заходнюю Сыбір, а Пепяляеву надаюць званьне генэрал-маёра (10 верасьня 1918). У лістападзе Пепяляеў пачаў пермскую апэрацыю супраць 3-й Арміі чырвоных. Падчас гэтай апэрацыі адбыўся пераварот у Омску, які прывёў да ўлады адмірала Аляксандра Калчака, і Пепяляеў адразу прызнае новую ўладу. 24 сьнежня 1918 г. войскі Пепяляева занялі кінутую бальшавікамі Перм, узяўшы ў палон каля 20 000 чырвонаармейцаў. 31 студзеня 1919 г. Пепяляеву надаюць званьне генэрал-лейтэнанта. 24 красавіка 1919 г. Пепяляеў робіцца камандзірам Паўночнай групы Сыбірскага войска.
Але РСЧА няўмольна наступала. 21 ліпеня 1919 г. Калчак правёў перафармаваньне сваіх частак і ўтварыў Усходні фронт. Камандзірам 1-й арміі быў прызначаны Пепяляеў, які адказваў за абарону Табольска, але ў кастрычніку 1919 г. РСЧА прарвала ягоную абарону. У лістападзе быў кінуты Омск і пачаліся суцэльныя ўцёкі. Войска Пепяляева спрабавала ўтрымаць Томск, але безвынікова.
У сьнежні 1919 г. адбыўся канфлікт паміж Анатолем Пепяляевым і Аляксандрам Калчаком. Калі цягнік Вярхоўнага Правіцеля Расеі прыбыў на станцыю Тайга, то яго затрымалі пепяляеўцы. Толькі падасьпеўшы родны брат Анатоля Віктар Пепяляеў, які быў прэм’ер-міністрам ва ўрадзе Калчака, улагодзіў справу і «пагадзіў» генэрала з адміралам.
20 сьнежня Пепяляеў быў выбіты з Томска і ўцякаў па Транссыбе. Разам зь ім ехалі яго жонка, сын і маці. У дарозе Анатоль захварэў на сыпны тыфус і акрыяў толькі ў Верхнеўдзінску, у студзені 1920 г.
11 сакавіка Пепяляеў з рэшткаў 1-й арміі стварыў Сыбірскі партызанскі атрад, зь якім сышоў у Срэценск, а адтуль 20 красавіка 1920 г. разам зь сям’ёй выехаў у Харбін. У Харбіне ён зарабляў на жыцьцё працай цесьляра, рамізьніка, грузчыка і рыбалова. Стварыў «Вайсковы зьвяз», старшынём якога стаў генэрал Вішнеўскі.
У верасьні 1921 г. у Нелькане было прынятае рашэньне неадкладна падняць антысавецкі мяцеж. П. А. Кулікоўскага, упаўнаважанага прадстаўніка ад насельніцтва Якуцкай вобласьці, камандзіравалі ва Ўладзівасток. 24 сакавіка 1922 г. выйшаў загад Часавага Прыамурскага ўрада пра тое, што Якуцкая вобласьць ўвайшла ў склад Часавага Прыамурскага ўрада і ёй неабходная ваенная дапамога ў зьвяржэньні бальшавікоў. Далей Кулікоўскі накіраваўся ў Харбін да Пепяляева, каб угаварыць яго арганізаваць паход у Якуцкую вобласьць на дапамогу паўстанцам супраць бальшавікоў.
У жніўні 1922 г. у кантакце з Прыморскім урадам генэрала Дзітэрыкса Пепяляеў сфарміраваў «Міліцыю Татарскага праліву». 8 верасьні 1922 г. Пепяляеў са ўзброеным атрадам «Міліцыі Татарскага праліву» высадзіўся ў Аяне, пераназваў яе ў «Сыбірскую добраахвотную дружыну» і пачаў пасоўвацца ў бок Якуцка. 2 лютага 1923 г. Пепяляеў захапіў слабаду Амга, стварыўшы пагрозу захопу Якуцка, але ў мясцовасьці Білісьцях ен быў разьбіты, і пачаліся ўцёкі ў Аян. 17 чэрвеня экспэдыцыйны атрад С. С. Вастрацова, які прыбыў ужо з чырвонага Ўладзівастока, заняў Аян. Пепяляеў здаўся без супраціву. Адзначым, што Вастрацоў у 1932 г. скончыў жыцьцё самагубствам. пасьля таго як атрымаў загад задушыць паўстаньне галодных сялянаў на Кубані.
Ва Ўладзівастоку ваенны суд прысудзіў Пепяляева да пакараньня сьмерцю, але ён напісаў ліст Калініну з просьбай пра памілаваньне. Просьба была разгледжана, і ў студзені 1924 г. у Чыце адбыўся суд, які прысудзіў Пепяляева да 10 гадоў турмы. Тэрмін Пепяляеў адбываў у Яраслаўскім палітізалятары. Першыя два гады Пепяляеў правёў у адзіночнай каморы, а ў 1926 яму дазволілі заняцца працай і нават была дазволена перапіска зь ягонай жонкай у Харбіне.
У 1933 г. скончыўся тэрмін Пепяляева, але яму яшчэ ў 1932 г. па хадайніцтве калегіі АДПУ вырашылі падоўжыць тэрмін на тры гады. У студзені 1936 г. яго нечакана перавялі з палітізалятару ў Яраслаўлі ў Бутырскую турму ў Маскве. 6 чэрвеня 1936 г. Анатоль Мікалаевіч апынуўся на волі.
НКУС пасяліў Пепяляева ў Варонежы, дзе ён уладкаваўся сталяром, потым памочнікам начальніка коннага дэпо Варонежгандлю. У жніўні 1937 г. Пепяляеў быў ізноў арыштаваны і дастаўлены ў Новасыбірск, дзе яму было прадстаўлена абвінавачваньне ў стварэньні контррэвалюцыйнай арганізацыі. 14 студзеня 1938 г. Тройкай НКУС па Новасыбірскай вобласьці ён быў прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў той жа дзень ў турме г. Новасыбірска.
20 кастрычніка 1989 г. пракуратурай Новасыбірскай вобласьці ён быў рэабілітаваны.
Літаратура
рэдагаваць- Потапов С. Из истории Пепеляевщины. // Якутские зарницы. Якутск. № 1. 1927.-N 1. С.75-79.
- Потапов С. Г. Конец пепеляевщины. // По заветам Ильича. Якутск. № 1-2. 1932. C.70-86.
- Петров П. У. Легендарная эпопея. К 35-летию обороны “Сасыл-Сысы”. // По ленинскому пути. Якутск. № 2. 1958. С.46-53.
- Тимофеев Е. Д. Степан Вострецов. Москва. 1981.
- Пестерев В. И. Антигерой Гражданской войны – генерал Пепеляев. // Пестерев В. И. Исторические миниатюры о Якутии. Якутск. 1993. С. 79-87.
- Пестерев В. И. Дневник генерала А. Н. Пепеляева.. // Пестерев В. И. Исторические миниатюры о Якутии. Якутск. 1993. С. 87-99.
- Конкин П. К. Драма генерала. Илин. Якутск. № 1. 1998. С. 18-23.
- Конкин П. Встреча. Илин. Якутск. № 1-2. 1999. С. 36-39.
- Пепеляев Анатолий Николаевич. // Энциклопедия Якутии. Т. 1. Москва. 2000. С. 372.
- Юрганова И. Пепеляев сатамматах похода. // Саха сирэ. Дьокуускай. Муус устар 29 к. 2000. С.14;
- Привалихин В. И. Из рода Пепеляевых. Томск. 2004. 112 с.
- Привалихин В. Командарм Анатолий Пепеляев. // Якутия. Якутск. 15 октября 2004. С. 11.
- Конкин П. Воспоминание очевидца. Илин. Якутск. № 6. 2005.
- Грачев Г. Якутский поход генерала Пепеляева. Илин. Якутск. № 6. 2005.
- Бараноўскі Ц. Анатоль Пепяляеў. // Літоўка ды Саха. Сшытак 3. Койданава. 2011. С. 57-59.