Аляксандар Ульянаў (дыплямат)
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ульянаў (неадназначнасьць).
Алякса́ндар Улья́наў (1901, Менск — 26 лістапада 1937, Масква) — дыплямат.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў 1901 годзе ў Менску ў сям’і ўрача.
У 1917—22 гадах — чалец партыі эсэраў. У 1919 годзе арыштаваны польскімі ўладамі, аднак неўзабаве вызвалены. У 1922 годзе ўступіў ва УКП(б). У 1922—23 гадах — намесьнік упаўнаважанага Наркамату зьнешняга гандлю БССР. З 1924 году — дырэктар Паўднёвага аддзяленьня трэсту «Лесбел» у Крыме, упраўляючы яго Рыскім аддзяленьнем.
У 1925—27 гадах — на дыпляматычнай працы ў Польшчы: аташэ, дарадца паўнамоцнага прадстаўніцтва СССР, в.а. пасла СССР. Займаўся «разлажэньнем» белеларускай палітычнай эміграцыі, арганізоўваў вяртаньне ў БССР дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэньня. Па даручэньні ЦК КП(б)Б удзельнічаў у падрыхтоўцы Другой Усебеларускай канфэрэнцыі (Бэрлін, 1925), на якой прынята рашэньне пра спыненьне існаваньня Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнаньне Менску адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. Садзейнічаў стварэньню Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1928—31 гадах — упаўнаважаны Наркамату замежных спраў пры СНК БССР у Менску, потым працаваў у Наркамаце зьнешняга гандлю СССР у Маскве, гандлёвым прадстаўніком у Чэхаславаччыне. Супрацоўнічаў з ДПУ, зьяўляўся «спэцыялістам» па беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.
Арыштаваны 24 траўня 1937 году. Асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 26 лістапада 1937 году за «здраду радзіме» і як «чалец контрарэвалюцыйнай арганізацыі» да найвышэйшай меры пакараньня. Расстраляны на Данскіх могілках праз некалькі гадзін пасьля прыгавору. Рэабілітаваны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 30 чэрвеня 1956 году[1].
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Ульянаў Аляксандр Фёдаравіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.