Інгвар Падарожнік
Інгвар Падарожнік (ст.-нарв. Yngvarr víðförli) — кіраўнік няўдалага вайсковага паходу вікінгаў на Касьпійскае мора ў 1036—1042 гадох. Інгвар, верагодна, мог быць зьвязаны са швэдзкай каралеўскай сям’ёй. Падарожжа, магчыма, прайшло пры падтрымцы швэдзкага караля. Пра паход сьведчаць шматлікія рунічныя камяні.
Сьведчаньні рэдагаваць
Пра паход Інгвара захаваліся сьведчаньні на Інгваравых камянях, дзе запісаныя імёны ўдзельнікаў паходу. Большасьць такіх камянёў разьмешчана паблізу возера Мэлярэн у Швэцыі. Камень брата Інгвара абвяшчае, што яны разам пайшлі за золатам на ўсход і памерлі ў зямлі Абасыдаў. Інгвару Падарожніку таксама прысьвечаная значная частка «Сагі пра Інгвара Падарожніка». Сага дэталёва апісвае дзяцінства Інгвара, а затым распавядае пра ягоны паход, значна дапаўняючы аповед містыкай.