Ізабэла (царыца Армэніі)

царыца Армэніі
(Перанакіравана з «Ізабэла (каралева Армэніі)»)

Ізабэ́ла (па-армянску: ԻզաբելЗабэл), таксама Забэл (па-армянску: Զապել; 27 студзеня 1216 або 25 студзеня 1217, невядома – 23 студзеня 1252, Кэд) — царыца армянскай Кілікіі (1219—1252) з роду Рубэнідаў.

Ізабэла Армянская
Զաբել
Царыца Ізабэла на карціне Вардгеса Суранянца
 Царыца Кілікіі
1219 — 1252
Каранацыя 14 траўня 1226
Рэгент Адам Баграскі
Канстантын Бабэронскі
Папярэднік Лявон I
Наступнік Хетум I
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 27 студзеня 1216 або 25 студзеня 1217,
Памерла 23 студзеня 1252, Кэд
Пахаваная Дразарцкі манастыр
Нашчадкі Сыбіла
Лявон II
Каралеўскі дом Рубэніды
Муж Філіп Антыяхійскі
Хетум I
Бацька Лявон I
Маці Сыбіла Кіпрская

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Была адзіным дзіцем цара Лявона I зь ягонай другой жонкай Сыбілай Кіпрскай[1]. У 1218 року была заручаная з трэцім сынам караля Вугоршчыны Андрэем, але пазьней яму падабралі выгаднейшую нявесту на Русі[2].

Ейны бацька памёр у траўня 1219 року, перад сьмерцю назваўшы дачку сваёй пераемніцай[3]. Аднак прэтэнзіі на трон выказалі таксама ягоны ўнучаты пляменьнік Раймунд-Рубэн і кароль Ерусаліму Ян Брыенскі[4]. Дзякуючы падтрымцы армянскай шляхты Ізабэла была абвешчаная царыцай пры рэгенстве Адама Баграскага[3][5]; ужо празь некалькі месяцаў яго забілі, пасьля чаго рэгенства перайшло да прадстаўніка ХетумідаўКанстантына Бабэронскага[6].

Аслабленае войнамі Кілікійскае царства шукала хаўрусьнікаў, і Ізабэлаў рэгент прапанаваў заключыць шлюб з Антыяхійскім княствам[4]. Чацьверты сын князя Баэмунда IV Філіп пры гэтым меўся перайсьці ў армянскую веру[3]. Вясельле адбылося ў чэрвені 1222[4], аднак разам яны кіравалі нядоўга: Філіп не стрымаў абяцаньняў шанаваць армянскія традыцыі і веру ды быў вымушаны жыць у Антыёхіі.

У 1224 року Канстантын Бабэронскі паланіў Філіпа й Ізабэлу за чуткі пра мажлівую перадачу кароны і стальцу Антыёхіі. Філіп быў заточаны ў вязьніцу ў Сысе(d), дзе імаверна быў атручаны[4]. Па ягонай сьмерці Ізабэла вырашыла сысьці ў манастыр і схавалася ў замку рыцараў-гаспітальераў у Сыліфке. Калі Канстантын запатрабаваў ейнай выдачы, рыцары, баючыся магутнага рэгента, прадалі яму фартэцыю разам з Ізабэлай[7].

Канстантын выдаў яе за свайго сына, які ў 1226 року быў каранаваны як Хетум I. Шмат гадоў яна адмаўлялася зь ім жыць, аднак у рэшце рэшт зьмірылася. Аб’яднаньне двух галоўных кілікійскіх родаў (Рубэнідаў і Хетумідаў) скончыла стагодзьдзе дынастычных і тэрытарыяльных раздраяў і вывела Хетумідаў на лідэрскія ролі ў Кілікійскім царстве[6].

Памерла ў 1252 року, пахаваная ў Дразарцкім манастыры.

  1. ^ Stopka 2016. С. 150.
  2. ^ Engel 2005.
  3. ^ а б в  Runciman, Steven The Kingdom of Acre and the Later Crusades. — Cambridge: Cambridge University Press, 1954. — Т. III. — (A History of the Crusades). — ISBN 9780521061636
  4. ^ а б в г Mary Nickerson Hardwicke. The Crusader States, 1192—1243 // Setton, Kenneth M.; Wolff, Robert Lee; Hazard, Harry W. (eds.) A History of the Crusades, Volume II: The Later Crusades, 1189—1311. — Madison, Milwaukee — London: University of Wisconsin Press, 1969. — С. 519—555. — ISBN 0-299-04844-6.
  5. ^ Kurkjian, Vahan M. The Barony of Cilician Armenia A History of Armenia Праверана 2 красавіка 2021 г.
  6. ^ а б Ghazarian 2000.
  7. ^ Edwards 1987. С. 143, 147 note 4, 224, 229 note 14, 252, note 15.

Літаратура

рэдагаваць
  •  Edwards, Robert W. The Fortifications of Armenian Cilicia: Dumbarton Oaks Studies XXIII. — Washington, D.C.: Dumbarton Oaks, Trustees for Harvard University, 1987. — ISBN 0-88402-163-7
  •  Engel, Pál The Realm of St Stephen: A History of Medieval Hungary, 895—1526 / Pálosfalvi, Tamás. — London — New York: I.B. Tauris, 2005. — ISBN 1-85043-977-X
  •  Ghazarian, Jacob G The Armenian Kingdom in Cilicia during the Crusades: The Integration of Cilician Armenians with the Latins (1080—1393). — Abingdon: Routledge Curzon (Taylor & Francis Group), 2000. — ISBN 0-7007-1418-9
  •  Riley-Smith, J. Knights of St.John in Jerusalem and Cyprus. — Palgrave MacMillan, 1967.
  •  Stopka, Krzysztof Armenia Christiana: Armenian Religious Identity and the Churches of Constantinople and Rome (4th—15th century). — Kraków: Jagiellonian University Press, 2016.
Папярэднік
Лявон I
Царыца Кілікіі
1219—1252
Наступнік
Хетум I