Half-Life: Blue Shift
Half-Life: Blue Shift — гэта другі дадатак для шутэра ад першай асобы Half-Life, распрацаваны кампаніяй Gearbox Software і выпушчаны 12 чэрвеня 2001 году. Як і іншыя дапаўненьні ад Gearbox, Half-Life: Opposing Force і Half-Life: Decay, Blue Shift адлюстроўвае падзеі, якія адбыліся ў Half-Life, але з пункту гледжаньня іншага пэрсанажа: ахоўніка «Чорнай Мэсы» — Барні Калгуна. У ролі Барні, гулец павінен паспрабаваць зьбегчы з сакрэтнай лябараторыі, захопленай прышэльцамі зь іншага сьвету і атрадамі HECU.
У адрозьненьне ад першага дапаўненьня Opposing Force, Half-Life: Blue Shift зьяўляецца аўтаномным дадаткам і не патрабуе ўсталяванай на кампутары арыгінальнай вэрсіі Half-Life. Падчас устаноўкі Blue Shift прапануе карыстальніку ўсталяваць асаблівы пакет паляпшэньня графікі «Half-Life High Definition Pack», які ўключае ў сябе абноўленыя мадэлі пэрсанажаў і зброі. Амэрыканскі рэліз Blue Shift таксама ўключае поўную вэрсію Opposing Force. Інтэрнацыянальная вэрсія прапануе толькі мультыплэерную вэрсію Opposing Force: Capture the Flag.
Іншымі распрацоўшчыкамі ажыцьцяўляўся перанос Blue Shift на рухавік Source, але ён да гэтага часу не завершаны. Праект носіць назву «Guard Duty».