Emacs

Сямэйства тэкставых рэдактараў

Emacs — вольны тэкставы рэдактар. Першапачаткова быў створаны ў 1976 годзе Рычардам Столманам і Гаем Стылам(en) як набор макраў (адсюль яго назва — анг. Editor MACroS) для рэдактара TECO. Характарызуецца вельмі вялікімі магчымасьцямі пашырэньня, наладжвальнасьці і самадакумэнтаваньня. Галоўнай асаблівасьцю Emacs зьяўляецца тое, што большая яго частка напісана да дыялекце Emacs Lisp, што дазваляе зьмяняць праграмны код рэдактара падчас працы без патрэбы перазапуску праграмы.

Гісторыя

рэдагаваць

Арыгінальны Emacs быў створаны ў 1976 годзе ў лябараторыі штучнага інтэлекту Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту як набор макраў для рэдактара TECO. Тады гэты рэдактар працаваў на PDP-10 і быў напісаны на асэмблеры гэтай машыны.

Першая Lisp-вэрсія Emacs была напісаная ў 1978 годзе з выкарыстаньнем дыялекта Lisp ,MacLisp, карыстальніцкія пашырэньні таксама пісаліся на гэтай мове. Выбар Lisp зрабіў Emacs пашыральным, як ніколі да гэтага, з-за скрыптавой прыроды Lisp, таму гэтая ідэя была потым шырока ўжываная пры стварэньні новых вэрсіяў рэдактара.

У 1981 годзе была створана першая вэрсія Emacs, якая працавала на апэрацыйнай сыстэме UNIX — GoslingEmacs. Яна была напісана на C з магчымасьцю напісаньня пашырэньняў на мове MockLisp, якая насамрэч ня зьяўляецца ў поўным сэнсе LIsp, бо ня мае яго структур зьвестак, а толькі падобны сынтаксыс. Пазьней GoslingEmacs быў прададзены, але Столман атрымаў дазвол на разьвіцьцё і распаўсюджаньне яго ранейшай, вольнай вэрсіі.

У 1984 годзе Столман пачаў працаваць над праектам GNU Emacs. Як і GoslingEmacs, ён быў напісаны на C і Emacs Lisp у якасьці мовы пашырэньняў. У хуткім часе GNU Emacs стаў дэ-факта стандартным рэдактарам тэксту для UNIX.

У 1991 годзе Джэймі Завінскі і іншыя з карпарацыі Lucid стварылі сваю вэрсію рэдактара — LucidEmacs на базе альфа-вэрсіі GNU Emacs 19. Даволі хутка кодавая база разьдзялілася, і ў выніку LucidEmacs пераназвалі ў XEmacs, які дагэтуль разьвіваецца пад гэтай назвай[1].

Магчымасьці

рэдагаваць

Emacs быў створаны для базавага рэдагаваньня тэксту, але ён таксама падтрымлівае розныя магчымасьці тэкставага працэсара, выкарыстоўваючы для гэтага староньнія бібліятэкі: LAΤΕΧ, Ghostscript і іншыя. Пазьней Emacs быў дапоўнены шматлікімі дадаткамі, слаба зьвязанымі альбо зусім не зьвязанымі з рэдагаваньнем тэксту, напрыклад: праца з электроннай поштай, эмулятар тэрмінала, дапаўненьні для зручнага напісаньня праграмнага коду і інш. Такія магчымасьці для пашырэньня забясьпечваецца тым, што большая частка Emacs напісана на Emacs Lisp, які дазваляе вельмі шырока мадыфікаваць існуючую функцыянальнасьць і дадаваць новую.