Barrett M90
Вінтоўка Barrett M90 (M90) была распрацаваная амэрыканскай кампаніяй Barrett Firearms да 1990 году ў якасьці прасьцейшай, кампактнай, дакладнай, і што немалаважна — таньнейшай альтэрнатывы самай вядомай вінтоўцы гэтай жа фірмы — самазараднай Barrett M82A1. Ужываньне ручнога перанабіваньня замест аўтаматыкі дазволіла спрасьціць вінтоўку, нерухомы ствол палепшыў дакладнасьць і кучнасьць стральбы, а кампаноўка буллпап дазволіла паменшыць габарыты зброі пры захаваньні той жа даўжыні ствала і эфэктыўнай далёкасьці стральбы. У 1995 годзе вінтоўка была мадэрнізаваная. Выпуск мадэлі М90 быў спынены, ёй на замену прыйшла палепшаная вінтоўка Barrett М95.
Barrett M90 | |
---|---|
Barrett M90 з адсаедзінённым набоям | |
Тып | Снайпэрская вінтоўка |
Краіна паходжаньня | ЗША |
Гісторыя вытворчасьці | |
Дата стварэньня | 1990 год |
Вытворца | Barrett Firearms Manufacturing |
Характарыстыкі | |
Вага | 10.20 кг |
Даўжыня | 1143 мм |
Даўжыня ствала | 737 мм |
Патрон | .50 BMG |
Прыцэльная далёкасьць |
1800 м |
Від боясілкаваньня | скрынчаты набойнік на 5 патронаў |
Прыцэл | аптычны |
Вінтоўка М90 — гэта набойнікавая зброя з ручным перанабіваньнем, падоўжаная сьлізгальнай паваротнай засаўкай, пабудаваная па кампаноўцы буллпап. Затыльнік прыклада ўсталяваны непасрэдна на ствольную скрынку, пісталетнае дзяржаньне са спускавым кручком разьмешчаныя перад прымачом для набойніка. Замыканьне ствала — паваротнай засаўкай, на 3 баявых упора, дзяржаньне набіваньня — справа на зброі. Ствольная скрынка выкананая з двух раздымных палоў (верхняй і ніжняй), штампаваных зь ліставай сталі і злучаных папярочнымі штыфтамі. Да ніжняй паловы ствольнай скрынкі мацуецца пісталетнае дзяржаньне і складвальныя сошкі, да верхняй — мацаваньні для аптычнага прыцэла. Адкрытых прыцэльных прынадаў няма. Ствол масіўны, з падоўжнымі долами для палягчэньня і палепшанага астуджэньня, абсталяваны эфэктыўным дульным тормазам для памяншэньня аддачы.