Япо́нская гру́па (па-грэцку: Ὀμάς Ἰαπώνων) — неафіцыйная назва палітычнай групоўкі ў парляманце Грэцыі ў 1906–08 гадах.

Група была створаная ў чэрвені 1906 г. пасьля парляманцкіх выбараў у тым самым годзе. Неафіцыйную назву ёй даў журналіст Уласіс Гаўрылідзіс у артыкуле, апублікаваным у газэце "Акропаліс" 10(23) лютага 1907 г., дзе ён параўнаў імпэт ейных удзельнікаў з напорлівасьцю японскіх жаўнераў падчас нядаўняй тады расейска-японскай вайны.

Удзельнікі

рэдагаваць

Удзельнікамі групы былі:

  • Стэфанас Драгуміс, дэпутат ад прэфэктуры Атыкі і Бэотыі, партыя Харыляоса Трыкупіса.
  • Дымітрыяс Гунарыс, незалежны дэпутат ад Патры, першапачаткова балятаваўся ад партыі Георгія Тэатокіса.
  • Пэтрас Протапападакіс, дэпутат ад Кіклядаў, партыя Тэадора Дылігіяніса.
  • Харалямбас Возікіс, незалежны дэпутат ад Кінурыі, першапачаткова балятаваўся ад партыяў Дылігіяніса і Аляксандраса Заіміса.
  • Апосталас Аляксандрыс, незалежны дэпутат ад прэфэктуры Кардыца, упершыню абраны ў 1906 г.
  • Эмануіл Рэпуліс, дэпутат ад прэфэктуры Эрміяніда, партыя Дылігіяніса.
  • Андрэас Панагіятопулас, дэпутат ад Эяліі.

Пажылы Георгіяс Тэатокіс быў ганаровым кіраўніком групы, але ейным сапраўдным рухавіком стаў Дымітрыяс Гунарыс — малады праўнік, які атрымаў адукацыю ў Францыі і Нямеччыне і быў пад уплывам досьведу сацыяльнага заканадаўства Бісмарка[1]. Пратапападакіс быў інжынэрам. Цягам усёй сваёй палітычнай кар’еры ён заставаўся набліжэйшым паплечнікам Гунарыса. Возікіс быў адметны тым, што быў абраны ў парлямант ва ўзросьце ўсяго 27 гадоў.[2]

У склад групы ўваходзілі сябры розных партыяў і палітычных кірункаў. Гэта перашкодзіла іх аб’яднаньню ў асобны палітычны рух. Зрэшты, самі сябры Японскай групы ніколі не зрабілі сур’ёзнага высілку аб’яднацца ў сапраўднай масавую партыю, галоўнай прычынай чаго было нежаданьне Гунарыса браць на сябе ролю лідэра.[2]

Асноўнай заклапочанасьцю "японцаў" быў палітычны крызыс у Грэцыі, да якога прывялі дзяржаўнае банкруцтва 1893 г., параза ў грэка-турэцкай вайне 1897 г. і ўвядзеньне міжнароднага фінансавага кантролю пасьля. "Японцы" крытыкавалі палітычны кляс і бясплённае чаргаваньне партыяў. Яны прапанавалі радыкальныя праграмы мадэрнізацыі і прытрымліваліся эгалітарнай і антыкарупцыйнай рыторыкі, накіраванай на адстойваньне маральных каштоўнасьцяў.

Група спыніла сваё існаваньне, калі ў чэрвені 1908 г. прэм’ер-міністар Георгіяс Цеатокіс прапанаваў пасады міністраў ураду Гунарысу, Пратапападакісу і Рэпулісу, якія першыя два прынялі. Гунарыс стаў міністрам фінансаў, але ў выніку жорсткай крытыкі яго былымі паплечнікамі падчас абмеркаваньня бюджэту ён падаў у адстаўку.

Нягледзячы на фармальную няўдачу, Японская група стала прадвесьнікам палітычных рэформаў пасьля Атэнскага паўстаньня 1909 г. і прыходу да ўлады Элефтэрыяса Вэнізеляса.

  1. ^ Llewellyn Smith, 1998:7
  2. ^ а б Llewellyn Smith, 1998:8

Літаратура

рэдагаваць
  • Tasos Vournas, στορία της νεώτερης και σύγχρονης Ελλάδας, выданьні Papadima, Атэны 1997, том I
  • Llewellyn Smith, Michael (1998). Ionian Vision: Greece in Asia Minor, 1919–1922. Ann Arbor: University of Michigan Press. ISBN 1-85065-368-2.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць