Юзафат Жыскар

ксёндз, гісторык касьцёла

Юзафат Фрыдэрык Жыскар (Józefat Fryderyk Żyskar; у архіўных дакумэнтах НА РС(Я) Фридрих-Иозофат Жискард; псэўд. Х. Ahasfer; 1868—1919, Масква) — ксёндз, гісторык касьцёла, публіцыст.

Біяграфія

рэдагаваць

Ягоным бацькам быў француз, католік, а маці — немка, пратэстантка. У Пецярбурскім кадэцкім корпусе, куды яго аддалі вучыцца, ён пачаў наведваць лекцыі па каталіцкай рэлігіі, якія так захапілі яго, што 18-гадовы юнак пасьля заканчэньня кадэцкага корпусу паступае ў Пецярбурскую духоўную сэмінарыю, якая належала да Магілёўскай арцыдыяцэзіі.

У 1891 г. быў пасьвечаны ў сьвятары і пачаў служыць вікарным ксяндзом пры касьцёле сьвятой Кацярыны ў Пецярбурзе. Там ён стварае прытулак для ўбогіх дзяцей, якіх сам вучыць ды корміць. Але за актыўную дзейнасьць на карысьць каталіцкай веры сярод расейцаў кс. Жыскар па загадзе паліцыі высылаецца з Пецярбургу. З правінцыі ён здолеў выехаць за мяжу і дабрацца да Папы Лявона XIII, якому распавёў пра цяжкасьці служэньня каталіцкай веры ў Расійскай імпэрыі і раіў даручыць гэтую справу езуітам. З Ватыкана кс. Жыскар, усьцешаны разуменьнем ягонай дзейнасьці Сьвятым Пасадам, нелегальна вярнуўся ў Пецярбург, дзе стаў праводзіць патаемную катэхізацыю.

У 1896 годзе, згодна з маніфэстам з нагоды каранацыі Мікалая II, які між іншым абвяшчаў амністыю і тым, «хто правінаваціўся перад пануючай верай», кс. Жыскар быў амніставаны і накіраваны пробашчам у Дэрпт (сучасны г. Тарту ў Эстоніі). Там, нягледзячы на шматлікія службовыя абавязкі, ён знаходзіў час на патаемныя выезды на Міншчыну ды Падлясьсе дзеля рэлігійных паслугаў «недабіткам былых уніятаў».

Аднойчы ноччу, падчас аказаньня ў леснічоўцы рэлігійных паслугаў «упартым», кс. Жыскара арыштаваў паліцыянт, але адданыя сьвятару вернікі вызвалілі яго ды схавалі.

Пасьля гэтага ён патаемна прыехаў у Вільню, дзе ў кельлі былога бэрнардынскага кляштару абсталяваў каплічку, куды дзеля рэлігійных паслугаў пацягнуліся ўніяты з усяго краю. У Вільні ён пасяліўся ў сваёй маці, якая жыла з дачкою, што была замужам за праваслаўным афіцэрам. Кс. Жыскар паведаміў ім пра тое, зь якой мэтаю зьявіўся ў Вільні, і, нягледзячы на рознасьць у веравызнаньнях, атрымаў разуменьне і пэўную дапамогу. Аднак у хуткім часе кс. Жыскар быў ізноў высачаны паліцыяй, і яму давялося ўцякаць за мяжу.

У Італіі, паблізу Рыма, ён заснаваў таварыствы сьвятых Юзафата ды Юзафатак, каб рыхтаваць місіянэраў для працы ў Расейскай імпэрыі сярод уніятаў. Але хутка гэтыя таварыствы з-за нястачы сродкаў перасталі існаваць. Сам жа кс. Жыскар у цывільнай вопратцы вярнуўся ў Расійскую імпэрыю і зноў распачаў місіянэрскую дзейнасьць сярод уніятаў. Але ў хуткім часе ён быў арыштаваны ў Дзьвінску і зьняволены ў Варшаўскай цытадэлі. Неўзабаве кс. Жыскар атрымаў чарговы прысуд: 5 гадоў выгнаньня ў аддаленыя губэрні Расіі.

Служыў ксяндзом у Валагодзкай, Кастрамской, а потым у Чарнігаўскай губэрнях, ад 1905 г. пробашч у Іркуцку адкуль неаднаразова наведваў Якуцкую вобласьць, якая ўваходзіла ў склад ягонай парафіі.

У 1908 г. кс. Жыскар зьвярнуўся да якуцкага губэрнатара з просьбай даць зьвесткі пра састарэлых сасланых туды паўстанцаў 1863—1864 гг., «якія жадалі б паехаць на радзіму і там бязьбедна і ціхамірна правесьці апошнія гады свайго жыцьця», і якім «ён адразу вышле грошы, неабходныя на дарогу».

Урэшце ўлады дазволілі яму выехаць на Каўказ. Там, у Сухум-Кале, ля Чорнага мора, ён напісаў кнігу ўспамінаў, прадмову да якой ён падрыхтаваў яшчэ ў Іркуцку.

Потым кс. Жыскар ізноў служыць у Дэрпце. Таксама паспрыяў пілігрымцы да Чэнстаховы пілігрымаў з Пецярбургу, Міншчыны і Магілёўшчыны.

Зь вялікім замілаваньнем піша кс. Жыскар пра жыхароў вёскі Фашчаўка (цяпер у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці), зь якой у пілігрымку да Чэнстаховы выправілася 13 чалавек. «Люд вакол не гаворыць па-польску, а захаваў чыстую сваю беларускую мову. Вялікія намаганьні прыклалі езуіты, каб ня страцілі яны сваёй беларускай мовы. Выдалі ім беларускі катэхізіс, прамаўлялі да народу казаньні ў ягонай мове, у касьцёле вялі беларускія сьпевы. І сёньня яшчэ кожны селянін дасканала ўмее сьпяваць беларускую песьню „Ах, мой Божа! Веру Табе“, і сапраўднае глыбока велічнае ўражаньне робіць, калі аграмадная сьціжма народу, што ідзе на фэст, як бы з адных грудзей засьпявае, а гэтая пекная мэлёдыя напаўняе і цьвінтар, і сьвятыню. Фашчаўка да таго захавала свой нацыянальны беларускі характар, што да сёньня яе жыхары апранаюцца ў беларускі строй. Спадніца з простай саматканкі, белая кашуля з вышыванкай, уласьцівы спосаб павязваньня хусткі на галаве — вось тыповы строй кабеты з Фашчаўкі, якія адрозьніваюцца амаль ад усіх сваіх суседак».

Цікавіўся кс. Жыскар і беларускай літаратурай, бо ў сваіх працах цытуе творы са зборніка Янкі Купалы «Жалейка» (Пецярбург, 1908 г.).

У Дэрпце кс. Жыскар распачаў разам з кс. Д. Банчкоўскім з Луцку — Жытомірскай дыецэзіі — працу над апісаньнем усіх касьцёлаў, якая павінна была ахапіць «польскія» касьцёлы нават Паўночнай Амэрыкі. Кс. Жыскар апрацаваў матэрыял пра магілёўскія, віцебскія і менскія касьцёлы, і гэтыя зьвесткі выходзілі асобнымі сшыткамі. У іх, апрача фатаздымкаў касьцёлаў і каталіцкіх дзеячаў, было зьмешчана шмат этнаграфічных здымкаў беларускага народу, пададзены гісторыка-этнаграфічны матэрыял. Потым гэтыя сшыткі склалі агульны том. Далейшай працы ў гэтым кірунку перашкодзіла Першая ўсясьветная вайна.

Калі ў лістападзе 1915 г. пры польскім Камітэце ў Маскве ўтварыўся Аддзел апекі над помнікамі мастацтва пад старшынствам М. Радзівіла, то ў яго кіраўнічы склад увайшоў кс. Жыскар, які вышукваў па чыгуначных пакгаўзах ды складах лому Галоўнай управы артылерыі вывезеныя з раёну ваенных дзеяньняў каталіцкія званы. А калі ў красавіку 1917 г. утварыўся Зьвяз польскіх арганізацыяў апекі над помнікамі польскага мастацтва і культуры (куды ўваходзіў і менскі аддзел), кс. Жыскар зрабіўся намесьнікам ягонага старшыні. Паводле інструкцыі, у кола зацікаўленьняў зьвязу ўваходзілі «прадметы мастацтва, помнікі архітэктуры (зьбіраньне фатаздымкаў), антыкварныя музэйныя, бібліятэчныя, этнаграфічныя, рэлігійныя зборы, даўнія польскія строі, вайсковыя мундзіры, зброя і г. д.»

Памёр кс. Жыскар у 1917 г. у Маскве на пасадзе вікарыя пры новым касьцёле «на Грузінах».

  • Ksiądz Fryderyk Józefat Żyskar. Polacy w rozproszeniu. Tułacz tułaczom poświąca. Wspomnienia z piętnastu lat prac kapłańskich w Cesarstwie. Petersburg. 1909.
  • Ks. Józefat Żyskar. Obrazki z Syberyi. // Przegląd Katolicki. NrNr 3, 4, 5, 8, 17, 19 zа 1912 r.
  • Wspomnienia z pielgryzmki z mohylewskiej archidiecezyi do Częstochowy w 1912 r. Zebrał z osobistych wrażeń i streścił z pism na prośbę pelgrzymów ks. Żyskar. Warszawa. 1912.
  • ks. Żyskar J. F. Kilka słów o szukaniu chleba na obszczyżnie. 1912.
  • Nasze kościoły. Opis wszystkich kościołów i parafij znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. Tom I. Archidjecezja Mohylowska. Ułożyli i wydali ks. D. Bącykowski i ks. J. Źyskar. Warszawa-Peterburg. 1913.
  • Nasze kościoły. Djecezja Mińska. Pod redakcją ks. Józefаta Żyskara. Warszawa. 1913.
  • X. Ahasfer. Tunka. Opowiadanie o wsi Tunka, dzie było na wygnaniu przeszło 15-stu ksęży, oparte na wspomnieniach naocznych świadków i odnośnych dokumentach. Poznań. 1914.
  • Ксёндз Язафат Жыскар. Беларусь. // Наша вера. Мінск. № 3. 2006. С. 69-70.

Літаратура

рэдагаваць
  • Gamma. Ks. F. J. Żyskar. Polacy w rozproszeniu. // Tygodnik ilustrowany. Nr. 36. Warszawa. 1910. S. 736.
  • X. W. Cz. Żyskar Fryderyk ks // "Podręczna encyklopedya kościelna. T. 43-44. Warszawa. 1916. S. 327.
  • Czeczott W. Ks. Fryderyk Józefat Żyskar. Warszawa. 1926.
  • Z dziejów pracy unijnej w Rosii (Urywek ze wspomnień J. E. Ks. Arcybiskupa Karewicza). // Kościół katolicki w Rosji. Materjały do jego historji i organizacji. Źeszyt 1. Warszawa, 1932. S. 50.
  • Zieliński S. ks Żyskar Józefat Fryderyk. // Stanisław Zieliński. Mały słownik pionierów polskich kolonjalnych i morskich. Podróżnicy, odkrywcy, zdobywcy, badacze, eksploratorzy, emigrańci, pamiętnikarze, działacze i pisarze migracyjni. Warszawa. S. 647.
  • Najdus W. Polacy w rewolucji 1917 roku. Warszawa. 1967. S. 41, 66, 69, 70.
  • Барковский А. Якутия в составе Могилёвской архидецэзии. Койданава-Амма. 1998.
  • Kijas А. Żyskar Fryderyk Józefat. // Kijas А. Polacy w Rosji od XVII wieku do 1917 roku. Słownik biograficzny. Warszawa. 2000. S. 404—405.
  • Баркоўскі А. Беларусь ксяндза Жыскара. // Наша вера. Мінск. № 3. 2006. С. 67-68.
  • Баркоўскі А. Ксёндз Жыскар — пілігрым і пакутнік. // Краязнаўчая газета. № 32. Жнівень. Мінск. 2007. С. 7.