Штрэйкбрэ́хер (па-нямецку: Strеіkbrecher, даслоўна — «стачкалом», г. зн. які ломіць стачку) — пабочная асоба, нанятая падчас штрайку[1], якая адмаўляецца браць удзел у штрайку ды падтрымваць штрайкоўцаў; займае бок адміністрацыі ў яе спрэчцы са штрайкоўцамі ды падтрымвае яе сваім выхадам на працу ў пэрыяд штрайку. У пераносным сэнсе — здраднік агульным інтарэсам.

Эканамічнай асноваю штрэйкбрэхерства зьяўляецца беспрацоўе. Выкарыстаньне штрэйкбрэхераў зьяўляецца сусьветнай зьявай; аднак многія краіны прынялі законы, што забараняюць іх выкарыстаньне, калі яны падрываюць працэс калектыўных перамоваў. У ЗША штрайкоўцаў выкарыстоўваюць больш часта, чым у любай іншай прамыслова разьвітай краіне[2].

Міжнароднае права

рэдагаваць

Права на штрайк наўпрост ня згадваецца ні ў воднай канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП)[3], аднак Камітэт МАП па волі зьяднаньняў усталяваў прынцыпы права на штрайк у адпаведнасьці зь дзейнымі пастановамі[4]. Сярод дамоваў па правах чалавека толькі Міжнародны пакт пра эканамічныя, сацыяльныя ды культурныя правы ўтрымвае пункт, што бароніць права на штрайк. Аднак, як і Сацыяльная хартыя 1961 году, Пакт дазваляе кожнай краіне-падпісантцы абмяжоўваць права на страйк.

Аднак Камітэт МАП па волі зьяднаньняў ды іншыя органы МАП вытлумачылі ўсе асноўныя канвэнцыі МАП як абарону права на штрайк як найважнейшага элемэнту волі зьяднаньняў. Прыкладам, МАП пастанавіла, што «права на штрайк зьяўляецца неад’емным вынікам права на зьяднаньні, абароненага Канвэнцыяй № 87» [5].

МАП таксама прыйшла да высновы, што замена штрайкоўцаў, хоць і не супярэчыць пагадненьням МАП, але спалучана з сур’ёзнымі рызыкамі злоўжываньняў ды ставіць прафзьвязныя волі «пад сур’ёзную пагрозу»[5],[6].

Эўрапэйская сацыяльная хартыя 1961 году была першым міжнародным пагадненьнем, якое выразна бараніла права на штрайк[2]. Тым ня менш, Хартыя Супольнасьці Эўрапейскага Зьвязу пра асноўныя сацыяльныя правы працаўнікоў дазваляе дзяржавам ЭЗ рэгуляваць права на штрайк[7].

Нацыянальнае права

рэдагаваць

Беларусь

рэдагаваць

Юрыдычна права на штрайк рэгулюецца падзелам 4 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь[8], дзе сказана, што прэзыдэнт мае права зусім прыпыніць альбо адкласьці правядзеньне штрайку, а асобы, што ствараюць перашкоды для выкананьня сваіх працоўных абавязкаў штрэйкбрэхерам, прыцягваюцца да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай альбо крымінальнай адказнасьці.

Ў большасьці эўрапэйскіх краінаў штрэйкбрэхеры выкарыстоўваюцца рэдка. Такім чынам, яны рэдка, калі наагул згадваюцца ў большасьці эўрапэйскіх нацыянальных законаў аб працы[2]. Як згадвалася вышэй, дзяржавы-сяброўкі Эўрапэйскага Зьвязу маюць самі вызначаць сваю палітыку[7].

  1. ^ International Labour Organization, Freedom of Association and Collective Bargaining: General Survey of the Reports… 1994.
  2. ^ а б в Norwood, Strikebreaking and Intimidation, 2002.
  3. ^ Human Rights Watch, Unfair Advantage: Workers' Freedom of Association in the United States Under International Human Rights Standards, 2000.
  4. ^ ILO principles concerning the right to strike 2000 ISBN 92-2-111627-1
  5. ^ а б International Covenant on Economic, Social and Cultural Rights, Article 8 (4).
  6. ^ Committee on Freedom of Association, Digest of Decisions of the Committee on Freedom of Association, 2006.
  7. ^ а б Maastricht Treaty on European Union, Protocol and Agreement on Social Policy, February 7, 1992, 31 LL.M. 247, paragraph 13 under «Freedom of association and collective bargaining.»
  8. ^ Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, разьдзел 4