«Хвалі» (па-ангельску: The Waves), першапачаткова «Матылькі»[1] — найбольш экспэрымэнтальны раман Вірджыніі Ўулф, апублікаваны ў 1931 годзе. Твор складаецца з нутраных маналёгаў, выказваемых шасьцю героямі кнігі: Бэрнардам, Сюзан, Родай, Нэвілам, Джыні і Луісам. Скразным пэрсанажам усяго аповеду зьяўляецца сёмы герой раману — Пэрсывал, які аднак не вымаўляе ў творы ніводнага слова. Маналёгі, якія ахопліваюць жыцьці герояў падзяляюцца на дзевяць кароткіх інтэрмэдыяў ад трэцяй асобы, у якіх апісваецца адзін дзень ля мора, ад сьвітаньня да заходу.

Хвалі
The Waves
Вокладка першага выданьня
Жанр: экспэрымэнтальны раман
Аўтар: Вірджынія Ўулф
Мова арыгіналу: ангельская
Год напісаньня: 1928—1931
Публікацыя: 8 кастрычніка 1931
Выдавецтва: Hogarth Press
Колькасьць старонак: 324
Папярэдні твор: Orlando: A Biography[d]
Наступны твор: The Years[d]

Пэрсанажы

рэдагаваць

Усе героі раману, фармальна надзеленыя некаторымі індывідуальнымі рысамі і пэрсанальнымі гісторыямі, уяўляюць сабой толькі «хвалі ў часе» — людзей увогуле, гаворачых ад імя ўсяго чалавецтва[1]. Сама Вулф меркавала, што ў яе рамане ўвогуле няма пэрсанажаў — 5 кастрычніка 1931 году яна зрабіла запіс у дзёньніку з нагоды водгуку на «Хвалі», надрукаванага ў «Times»

«Дзіўна, што яны хваляць маіх пэрсанажаў, калі ў мяне няма ніводнага»[2].

Аднак, як заўважае літаратуразнаўца і кандыдат філялягічных навук Натальля Паваляева, героі ў рамане ўсё ж такі прысутнічаюць, бо ў іх ёсьць, прынамсі, імёны, полавая прыналежнасьць і эскізна пазначаная прыватная гісторыя кожнага з герояў[1].

  • Луіс (па-ангельску: Louis) — аўстраліец, пакутуе ад комплексу непаўнавартаснасьці, але ў той жа час упэўнены ва ўласнай перавазе над людзьмі навокал. Комплекс тлумачыцца каланіяльным паходжаньнем (аўстралійскі акцэнт, які так мучыць Луіса, ёсьць матэрыяльным выяўленьнем яго інакшасьці сярод карэнных ангельцаў) і тым, што бацька — банкір. Але ў той жа час Луіс вельмі здольны, упарты, і многія навукі, напрыклад, яму даюцца лягчэй, чым астатнім. Луіс — звычайны клерк, аднак сам ён лічыць сябе выбраным, ён адчувае, што цяжар усяго сьвету ляжыць на яго плячах. Ён закрыты і не дае свайму пачуцьцю перавагі зрабіцца бачным для тых, хто навокал. Яго шлях самаідэнтыфікацыі зададзены звонку — як і бацька, ён робіцца клеркам у фінансавай установе, і сумневаў у выбраным шляху ў Луіса няма. Аднак заўсёдныя перажываньні героя зьвязаныя зь яго навязьлівым жаданьнем быць лепшым за ўсіх навокал — ва ўсім[1].
  • Сюзан (па-ангельску: Susan) — дачка сельскага сьвятара, увасобленая жаноцкасьць, сама зямля. Яе доля — простае шчасьце, выяўленае перадусім у мацярынстве: «Я ніколі ня буду мець нічога, акрамя звычайнага шчасьця. Яно амаль задаволіць мяне. Я буду стомленая класьціся ў ложак. Буду ляжаць, нібы поле, то апусьцелае, то поўнае сваім ураджаем»[3]. У дзяцінстве Сюзан перажывае праз тое, што яна занадта поўная, што ў яе чырвоныя грубыя рукі, якія адразу выдаюць яе сельскае паходжаньне. Але пасьля яна ператвараецца ў прыгожую, упэўненую ў сабе жанчыну і атрымлівае ўсё, пра што марыла, — вялікую гаспадарку, мужа, дзяцей. Але часам яе наведвае стома ад гэтага «звычайнага шчасьця», і тады ж прыходзіць сумнеў у тым, ці так ужо правільна выбраны шлях[1].
  • Бэрнард (па-ангельску: Bernard) — з добрай і, мяркуючы па ўсім, забясьпечанай сям’і. Яго характэрныя рысы — назіральнасьць, імкненьне паглынуць усе ўражаньні, якія толькі прапануе навакольны сьвет, і — галоўнае — расказаць пра іх. Бог Бэрнарда — слова. Гэта, несумненна, архетыповы вобраз пісьменьніка. Бэрнард увесь час прыдумляе гісторыі, гэта — яго спосаб спасьціжэньня рэальнасьці і ўзаемадзеяньня зь ёй. Ён, як і астатнія героі раману, таксама пастаянна задаецца пытаньнем «хто я?», таксама мучыцца пошукам свайго «я». Асноўнае пытаньне, на якое герой шукае адказ, гучыць так: ці існуе ён, Бэрнард, як цэласная і незалежная асоба, альбо ён кожны раз узьнікае наноў толькі сярод людзей, якія слухаюць яго, захапляюцца ім?[1] Аднак сярод усіх герояў Бэрнард адзін набліжаецца да разуменьня таго, што ідэнтычнасьць — не вынік, а працэс, і заканчваецца ён толькі тады, калі заканчваецца зямное існаваньне чалавека[1].
  • Нэвіл (па-ангельску: Neville) — складаны комплекс, у якім любоў да парадку спалучаецца з паэтычнай натурай. Яго шлях да набыцьця ідэнтычнасьці — гэта перадусім любоў. Аднак сам Нэвіл не зусім гэта ўсьведамляе, як не ўсьведамляе сапраўднай прыроды сваёй прыхільнасьці да Пэрсывала[1].
  • Джыні (па-ангельску: Jinny) — увасабленьне цялеснага пачатку[1]. Яна ўсьведамляе сябе і сьвет празь фізычныя адчуваньні — перадусім праз уласнае цела. Ужо ў дзяцінстве яна пастаянна параўноўвае сваё аблічча з абліччам іншых дзяўчынак, а таксама надае шмат увагі адзеньню, сукенкам. Джыні ў нейкім сэнсе супрацьлегласьць Сюзан[1]: яе пошукі ідэнтычнасьці ляжаць па-за такімі сфэрамі, як шлюб і мацярынства. Джыні — каханка, што не застаецца надоўга з адным і тым жа мужчынам.
  • Рода (па-ангельску: Rhoda) — гэта нулявая ідэнтычнасьць (nonidentity)[4]. Лейтматыў яе нутраных маналёгаў — адсутнасьць твару: «У мяне няма твару. У іншых людзей ёсьць, у Сюзан і Джэні ёсьць твары, вось яны тут. Іх сьвет — гэта сьвет сапраўдны. Рэчы, якія яны падымаюць, цяжкія. Яны кажуць „так“ і яны кажуць „не“, а я кідаюся і зьмяняюся, і за сэкунду бачная ўсім наскрозь»[1]. У пэўным сэнсе Бэрнард і Рода ёсьць процілеглымі палюсамі праблемы самаідэнтыфікацыі[1].
  • Пэрсывал (па-ангельску: Percival) — вобраз выразна міталягізаваны[1]. Гэты герой не вымаўляе ў рамане ані слова, аднак ён ёсьць найважнейшым стрыжнем усяго аповеду. Усе шэсьць герояў па-свойму закаханыя ў Персывала — галоўным чынам таму, што ў ім ёсьць тое, чаго, паводле іх меркаваньня, не хапае ім самім[1]. Персывал — гэта цэласнасьць натуры, упэўненасьць у сабе, высакароднасьць, сіла, воля. Менавіта таму ён — свайго роду цэмэнтавальнае зьвяно ў суполцы Бэрнарда, Нэвіла, Луіса, Роды, Сюзан і Джыні. Яго раптоўная пагібель — ня толькі наймацнейшае ўзрушэньне і страта для кожнага, але і своеасаблівы пункт новага адліку, пераацэнка сябе і сваіх сяброў[1].
  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о Натальля Паваляева (22 верасьня 2010) Вірджынія Вулф: Бегучы па хвалях (бел.) ПрайдзіСвет Праверана 24 верасьня 2010 г.
  2. ^ Вулф, В. Дневник писательницы / Пер. с англ. Л.И. Володарской; предисл. Е.Ю. Гениевой. — М.: Центр книги ВГБИЛ им. М.И. Рудомино, 2009.
  3. ^ Вулф, В. Волны / Пер. с англ. Е. Суриц.. — СПб.: Азбука-классика, 2006.
  4. ^ Harris, A. “This difference… this identity… was overcome”: Reintegrating Masculine and Feminine in Virginia Woolf’s The Waves / Andrea L. Harris // Other Sexes.. — Albany: State University of New York Press, 2000. — P. 26.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць