Хваляваньні ў Менску (1970)

Хваляваньні ў Менску 9 красавіка 1970 году, несанкцыянаваны мітынг з выкарыстаньнем формаў непадпарадкаваньня ўладам. Зьвязаны з забойствам менскага гіпі Вячаслава Максакава (19.03.1952 — 07.04.1970). Удзел у выступленьні бралі прадстаўнікі беларускага музычнага нонканфармізму.

Выступленьне адбылося стыхійна на месцы забойства Максакава па вул. Энгельса ля кінатэатру «Навіны дня» (цяпер — Малая сцэна Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы), за 300 мэтраў ад ЦК КПБ. Па розных ацэнках, у акцыі ўзяло ўдзел ад 100 да 400 чалавек.

Гісторыя

рэдагаваць

Перадумовы

рэдагаваць

7 чэрвеня 1970 году Вячаслаў Максакаў і яго сябар Аляксандар Шарубаў былі спыненыя каля кінатэатру «Навіны дня» крыкамі нейкага хлопца «Хайль Гітлер!». Распачалася бойка, падчас якой незнаёмы выцягнуў з рукава штых і параніў хлопцаў — Максакава сьмяротна.

8 красавіка на месцы забойства нехта зрабіў графіці «Тут 7 красавіка забілі Славу Максакава». 9 красавіка па вяртаньні з пахаваньня В.Максакава ягоныя сябры сталі выпадковымі сьведкамі зьнішчэньня графіці. Абураныя такімі дзеяньнямі, сябры забітага спынілі зьнішчэньне. Каля месца забойства пачалі зьбірацца людзі. Да кінатэатру пад’ехалі машыны зь міліцыяй, усім загадалі разысьціся. На гэта ўдзельнікі выступленьня сашчапілі рукі ў локцях і сталі ля сьцяны. За кароткі час да міліцыі далучыліся байцы Белпалка (унутраныя войскі), якія ачапілі вуліцу і паспрабавалі разарваць жывы ланцуг — між гіпі і ахоўнікамі парадку пачалася бойка. У выніку сутыкненьня была затрыманая пэўная колькасьць гіпі. Пазьней затрыманых і магчымых удзельнікаў выступленьня выключылі з навучальных установаў.

Пасьля красавіцкага выступленьня ўлады ўзмацнілі прэсынг на музычную контркультуру Менску: міліцыя і гэтак званыя добраахвотныя дружыньнікі рабілі аблавы на гіпі, супраць гіпі заводзілі адміністрацыйныя справы, як «ненадзейных», удзельнікаў гіпі-руху выключалі са школ, вышэйшых навучальных установаў. Падзеі 09.04.1970, на думку музыкаў і журналістаў, справакавалі нэгатыўную рэакцыю ўладаў на правядзеньне II-га фэсту біт-ансамбляў у Менску.

Літаратура

рэдагаваць
  • Подберезский Д. Апрель семидесятого. Новость дня // Имя. 17.04.1998.
  • Хваляваньні ў Менску 09.04.1970, Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956-1991. Пэрсанажы і кантэкст. Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-08-1