Футбольны судзьдзя
(Перанакіравана з «Футбол:Правіла 5:Судзьдзя»)
Футбольны судзьдзя — чалавек на полі, прызначаны сачыць за тым, каб футбольны матч праходзіў паводле правілаў і які мае для гэтага ўсе паўнамоцтвы. Яго правы й абавязкі апісаныя Правілам 5. Судзьдзя.
Паўнамоцтвы судзьдзі
рэдагавацьАбавязкі
рэдагаваць- кантраляваць адпаведнасьць правілам гульні;
- кантраляваць ход матчу, сачыць за часам гульні;
- забясьпечыць адпаведнасьць выкарыстаных мячоў патрабаваньням Правіла 2;
- забясьпечыць адпаведнасьць экіпіяваньня гульцоў патрабаваньням Правіла 4;
- у выпадку крывацёку ў гульца павінен забясьпечыць, каб той пакінуў поле. Гулец можа вярнуцца на поле толькі па сыгнале судзьдзі, пасьля перакананьня ў тым, што крывацёк спынены;
- забясьпечыць адсутнасьць на полі староньніх асоб;
- падаць адпаведным органам рапарт аб матчы, які ўключае інфармацыю па ўсіх прынятых дысцыплінарных мерах у дачыненьні да гульцоў і/або афіцыйных асоб камандаў, а таксама па ўсіх іншых інцыдэнтах, якія адбыліся да матчу, падчас або пасьля яго.
Правы
рэдагавацьСудзьдзя мае права:
- раіцца па ходзе матчу з памагатымі і, там дзе неабходна, з рэзэрвовым судзьдзёй;
- спыніць, часова перапыніць або спыніць зусім матч пры парушэньні правілаў;
- спыніць, часова перапыніць або спыніць зусім матч пры староньніх умяшаньнях;
- спыніць матч, калі, па яго меркаваньні, гулец атрымаў сур’ёзную траўму, і забясьпечыць яго сыход/вынас за межы поля;
- працягнуць гульню, калі каманда, супраць якой было зьдзейсьнена парушэньне, атрымоўвае выгаду ад такой перавагі (напрыклад застаецца зь мячом), і карае першапачатковае парушэньне, калі перавагай у той момант не скарысталіся;
- прымаць меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да гульцоў, вінаватых у парушэньнях, якія караюцца папярэджаньнем або выдаленьнем. Ён не абавязаны распачаць такія меры неадкладна, але павінен зрабіць гэта, як толькі мяч выйдзе з гульні;
- прымаць меры ў дачыненьні да афіцыйных асоб камандаў, якія паводзяць сябе некарэктна, і можа па сваім меркаваньні выдаліць іх з поля і прылеглых да поля зон.
Рашэньні судзьдзі
рэдагавацьРашэньні судзьдзі зьяўляюцца канчатковымі й падчас гульні не пераглядаюцца. Ён сам можа зьмяніць рашэньне, калі яшчэ не аднавіў гульню. Для падачы скарг на дзеяньні судзьдзяў існуе рэглямэнт спаборніцтва і адмысловыя камітэты, якія разглядаюць дадзеныя пытаньні.