Штрафны і вольны ўдары (футбол)

спосаб працягу гульні ў футболе

Правіла 13 футбольных правілаў рэглямэнтуе выкананьне штрафных і вольных удараў.

Штрафны ўдар рэдагаваць

 
Штрафны ўдар

Штрафны ўдар (па-ангельску: direct free kick) — у футболе адмыслова прызначаны ўдар па браме ў выпадку парушэньня правілаў.

Штрафны ўдар прызначаецца ў выпадку, калі гулец, калі мяч знаходзіўся ў гульні, зьдзейсьніў адно з наступных парушэньняў правілаў:

  • штуршок або спробы штурхнуць суперніка;
  • падножкі або спробы паставіць падножку суперніку;
  • скачкі на суперніка;
  • напад на суперніка;
  • удары або спробы стукнуць суперніка;
  • штуршкі суперніка;
  • пры адборы мяча ў суперніка гулец авалодвае мячом, уступаючы ў кантакт з супернікам да таго, як кране мяча;
  • затрымкі суперніка;
  • пляўкі ў суперніка;
  • сумысная гульня рукамі (уключаючы галкіпэра па-за межамі штрафной пляцоўкі).

Штрафны ўдар выконваецца любым гульцом каманды, процілеглай той, гулец якой парушыў правілы, зь месца парушэньня. Калі парушэньне правілаў зьдзейсьнена гульцом у межах штрафной пляцоўкі сваёй каманды, замест штрафнога ўдару прызначаецца пэнальці.

Калі непасрэдна са штрафнога ўдару будзе забіты гол, ён залічваецца (адгэтуль афіцыйны назоў — прамы вольны ўдар). За іншыя парушэньні, не пералічаныя вышэй, прызначаецца вольны ўдар (афіцыйны назоў — непрамы вольны ўдар), прамым ударам зь якога гол забіць нельга.

У вызначаных выпадках грубіянскіх парушэньняў гульцу можа быць вынесенае дадаткова асабістае пакараньне — папярэджаньне або выдаленьне.

Пры выкананьні штрафнога ўдару гульцы каманды, якая абараняецца, не павінны нахадзіцца ў радыюсе 9 мэтраў ад мяча (у арыгінальных ангельскіх правілах — 10 ярдаў). Паколькі штрафны ўдар, прызначаны зблізку брамы, уяўляе сур’ёзную небясьпеку, часта абаронцы ўсталёўваюць так званую «сьценку» на дазволенай правіламі адлегласьці, каб перашкодзіць забіць гол простым ударам.

Вольны ўдар рэдагаваць

 
Вольны ўдар

Вольны ўдар (па-ангельску: indirect free kick) — у футболе спэцыяльна прызначаны ўдар па браме ў выпадку парушэньня правілаў.

Вольны ўдар прызначаецца ў выпадку, калі гулец, калі мяч нахадзіўся ў гульні, зьдзейсьніў адно з наступных парушэньняў правілаў:

  • небясьпечная гульня;
  • блякаваньне перасоўваньня суперніка;
  • перашкода галкіпэру ўвесьці ў гульню мяч з рук;
  • любое іншае парушэньне, за якое ня можа быць прызначаны штрафны ўдар або пэнальці.

Акрамя таго, вольны ўдар прызначаецца за адно з наступных парушэньняў брамнікам правілаў гульні рукамі ў сваёй штрафной пляцоўцы:

  • брамнік зноўку дакранаецца мяча сваімі рукамі пасьля таго, як увёў яго ў гульню, і мяча не крануў любы іншы гулец;
  • брамнік дакранаецца мяча сваімі рукамі пасьля таго, як гулец яго каманды сумысна аддаў яму пас;
  • брамнік дакранаецца мяча сваімі рукамі пасьля таго, як гулец яго каманды ўвёў мяч у гульню непасрэдна ўкіданьнем з-за бакавой;
  • зацягвае час (з пункту гледжаньня арбітра).

Вольны ўдар выконваецца любым гульцом каманды, процілеглай той, гулец якой парушыў правілы, зь месца парушэньня. У адрозненьне ад штрафнога ўдару, вольны ўдар можа быць выкананы зь межаў штрафной пляцоўкі.

Калі непасрэдна з вольнага ўдару будзе забіты гол, ён не залічваецца (адгэтуль афіцыйны назоў — непрамы вольны ўдар). Аднак, гол будзе залічаны, калі мяч на шляху крануў кагосьці з гульцоў (адбыўся адскок).

Пры выкананьні вольнага ўдару гульцы каманды, якая абараняецца, не павінны знаходзіцца ў радыюсе 9 мэтраў ад мяча (у арыгінальных ангельскіх правілах — 10 ярдаў). Аднак, калі вольны ўдар выконваецца зь межаў штрафной пляцоўкі (менш чым у 9 мэтрах ад брамы), то гульцам каманды, якая абараняецца, дазваляецца ўсталяваць «сьценку» на лініі брамы.

Аб тым, што выконваецца вольны, а не штрафны ўдар, судзьдзя сыгналізуе, паднімаючы вэртыкальна ўверх адну руку да моманту выкананьня ўдару.

  Штрафны і вольны ўдары (футбол)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў