Фа́зы Ме́сяца — пэрыядычна зьмяняныя станы асьвятленьня Месяца Сонцам.

Фазы Месяца
Паўмесяц над Зямлёй

Прырода фазаў рэдагаваць

Зьмяненьне фазы Месяца абумоўленая зьменамі ва ўмовах асьвятленьня Сонцам цёмнага шару Месяца падчас яго руху па арбіце. Са зьмяненьнем узаемнага разьмяшчэньня Зямлі, Месяца і Сонца тэрмінатар (мяжа паміж асьветленай і неасьветленай часткамі дыску Месяца) перасоўваецца, што й выклікае зьмяненьне абрысаў бачнай часткі Месяца.

Зьмяненьні бачнай формы Месяца рэдагаваць

Паколькі Месяц — сфэрычнае цела, пры яго частковым асьвятленьні збоку ўзьнікае «серп». Асьветлены бок месяца заўсёды паказвае ў бок Сонца, нават калі яно схаванае за гарызонтам.

Працягласьць тэрмінаў поўнага зьмяненьня фазаў Месяца (так званы сынадычны месяц) нясталая праз эліптычнасьць месяцовай арбіты, і вар’іруецца ад 29,25 да 29,83 зямнога сонечнага дню. Сярэдні сынадычны месяц складае 29,5305882 дню (29 дзён 12 гадзін 44 хвіліны 2,82 сэкунды)[1].

У фазах Месяца, блізкіх да ветаху (у пачатку першае чвэрці і ў канцы апошняе чвэрці), падчас вельмі вузкага сярпа, неасьветленая частка ўтварае так званае папялістае сьвятло Месяца — бачнае сьвячэньне неасьветленай простым сонечным сьвятлом паверхні характэрнага папялістага колеру.

Сыстэма Зямля-Месяц-Сонца
 
Месяц па сваім шляху вакол Зямлі асьвятляецца Сонцам, ён сам ня сьвеціцца.
Пасьлядоўнае зьмяненьне бачнага Месяца на небе
 

Месяц праходзіць наступныя фазы асьвятленьня[2]:

  1. Ветах (ці вятох) — стан, калі Месяц ня бачны; першая квадра.
  2. Раньні маладзік — першае зьяўленьне Месяца на небе пасьля ветаху ў выглядзе вузкага сярпа.
  3. Маладзік — стан, калі асьветленая «правая» палова Месяца; другая квадра.
  4. Позьні маладзік — пераходны стан паміж маладзіком і поўняй, большая частка Месяца асьветленая.
  5. Поўня (ці поўнік, падпоўня) — стан, калі асьветлены ўвесь Месяц цалкам; трэцяя квадра.
  6. Раньні сход — пераходны стан паміж поўняй і сходам, асьветленая частка Месяца пачынае зьмяншацца.
  7. Сход (ці схадок) — стан, калі асьветленая «левая» палова месяца
  8. Позьні сход — стан перад ветахам у выглядзе вузкага сярпа.

Заўвага: «правая» і «левая» паловы мае сэнс вылучаць толькі ў паўночным паўшар’і, бо зблізу экватару Месяц бачны у «ляжачым» стане, а для паўднёвага паўшар’я наагул усё будзе наадварот: пры маладзіку будзе асьветленая «левая» палова, а падчас сходу — «правая».

Дадатковыя зьвесткі рэдагаваць

У сьнежні 2009 году шэраг СМІ[3] паведаміў, што група аналітыкаў інвэстыцыйнага банку «Macquarie Securities» (Аўстралія) на аснове ўласнага дасьледаваньня прыйшла да выснове аб уплыве месяцовых фазаў на дынаміку індэксаў сусьветных фінансавых рынкаў[4].

Таксама прадстаўнікі брытанскай паліцыі заявілі аб сувязі месяцовых фазаў з узроўнем гвалту[5].

Крыніцы рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Фазы Месяцасховішча мультымэдыйных матэрыялаў