Тур дэ Скі
Тур дэ Скі — спаборніцтвы па лыжных гонках, якія штогод ладзяцца, пачынаючы з сэзону 2006—2007 гадоў у Цэнтральнай Эўропе. Стварэньне выпярэдніцтва было натхнёнае роварным шматдзённым спаборніцтвам Тур дэ Франс. Тур дэ Скі ёсьць этапам кубка сьвету па лыжных гонках. Спаборніцтва звычайна складаецца з шасьці ці больш этапаў, якія ладзяцца ў канцы сьнежня і пачатку студзеня ў Чэхіі, Нямеччыне, Італіі і Швайцарыі. Па стане на 2022 год прызавыя выплаты ў суме складалі 548 тысяч швайцарскіх франкаў[1], якія атрымоўваюць як мужчыны, гэтак і жанчыны. Мужчынскія і жаночыя спаборніцтвы праходзяць у адны і тыя ж дні, аднак дыстанцыі этапаў адрозьнічаюцца.
Кожны год склад дысцыплінаў на спаборніцтвах зьмяняецца, але некаторыя фарматы ўлучаюцца ў праграму кожны год, як то спрынт, масавы старт, гонкі з індывідуальнымі стартамі і пагоняй. Тур дэ Скі звычайна кожны год уключае заключны этап у Віль-дзі-Ф’емэ, дзе лыжнікі ўздымаюцца на горную трасу. Звычайна ў спаборніцтвах бяруць удзел спартоўцы з 20—30 дзяржаваў. Кожная краіна пры гэтым мае квоту, зважаючы на выніковае месца краіны ў папярэднім годзе. Гэтак у спаборніцтвах сэзону 2021—2022 гадоў першыя восем краінаў маглі выставіць максымум па 6 лыжнікаў і лыжніц[1]. На ўсіх этапах час спартоўцаў фіксуецца і сумуецца з часам спартоўцаў у папярэдніх этапах. Лыжнік і лыжніца зь мінімальным затрачаным часам ёсьць лідэрамі агульнага этапу і апранаюць на наступную гонку жоўтую кашулю лідэра. Акрамя табліцы агульнага заліку, вядзецца падлік пунктаў у табліцы спрынтэраў і агульным заліку сярод краінаў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б «Rules for the FIS cross-country». Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Тур дэ Скі на Eurosport. (анг.)