«Сяржант Макензі» (па-англа-шатляндзку: Sgt. Mckenzie) — жалобная песьня Джозэфа Макензі ў гонар прадзеда Чарлза, які служыў у званьні сяржанта ў падразьдзяленьні сіфорцкіх горцаў брытанскага войска падчас Першае сусьветнае вайны.

Песьня выйшла ў 2000 годзе ў складзе альбому «Спраўджаны й праўдзівы» (па-ангельску: «Tried and True») шатляндзкага гурта «Дзеці бубна» (па-англа-шатляндзку: Clann An Drumma). У 2002 годзе амэрыканскі рэжысэр Рэндал Воліс зладзіў у Лёндане перазапіс гуртом песьні ў суправаджэньні аркестра з 80 чалавек ды хору Амэрыканскае вайсковае акадэміі для кінастужкі «Мы былі салдатамі».

Падзеі, якім прысьвечаная песьня

рэдагаваць

У адным з баёў у Францыі Чарлз Макензі атрымаў раненьне ў плячо. Пасьля гэтага яго выправілі на лячэньне назад у Шатляндыю, дзе хірург зьбіраўся ампутаваць яму руку. Аднак сяржант Макензі адмовіўся ад апэрацыі, каб вярнуцца ў склад свайго падразьдзяленьня. Перад выпіскаю ён зрабіў здымак на ганку шпіталя.

Пазьней Чарлз Макензі загінуў у штыкавым баі, баронячы ў акопе параненага саслужыўца. Пабачыўшы ў той дзень, як ягоны фатаздымак зваліўся з-па-над каміну, ягоная жонка сказала дачцэ, што Чарлз памёр.

Тэкст і пераклад

рэдагаваць

Першы куплет выконваецца двойчы напачатку ды прыканцы сьпеву.

па-шатляндзку па-беларуску

Lay me doon
In the caul caul groon,
Whaur afore
Monie mair huv gaun.

Пакладзіце мяне
Ў сырую зямлю,
Куды да мяне
Многія іншыя сышлі.

When they come
A wull staun ma groon
Staun ma groon,
Al nae be afraid.

Калі яны прыйдуць,
Я бараніцьму сваю зямлю.
Баронячы зямлю,
Я не збаюся.

Thoughts awe hame
Tak awa ma fear.
Sweat an bluid
Hide ma veil awe tears.

Думы пра дом
Забіраюць мой страх.
Пот ды кроў
Хаваюць мой вэлюм сьлёз.

Ains a year
Say a prayer faur me!
Close yir een
An remember me!

Аднойчы на год
Маліся за мяне!
Заплюшчы свае вочы
Ды ўзгадай мяне!

Nair mair
Shall a see the sun,
For a fell
Tae a Germans gun.

Ніколі больш
Ня бачыць мне сонца,
Бо я загінуў
Ад зброі немцаў.