Сьмяротнае пакараньне ў Эстоніі
Сьмяро́тнае пакара́ньне ў Эсто́ніі апошні раз было выканана 11 верасьня 1991 году, празь месяц пасьля атрыманьня Эстоніяй незалежнасьці. Апошнім асуджаным да сьмяротнага пакараньня, прысуд над якім былі выкананы, стаў Рэйн Орустэ, вінаваты ў падвойным забойстве. Ён зьдзейсьніў 18 злачынстваў. Асуджаны быў застрэлены ў патыліцу ў Батарэйнай вязьніцы.
Гісторыя
рэдагавацьЗ 1935 да 1940 году асобы, асуджаныя грамадзянскімі судамі да сьмяротнага пакараньня, мелі права выбіраць спосаб сьмерці: самагубства (выпіць атруту) або павешаньне. Гэтая працэдура так апісана ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, які ўступіў у сілу з 1 лютага 1935 году: «За адну гадзіну да заплянаванага часу выкананьня прысуду асуджанага адводзяць у камэру сьмяротнікаў, дзе дзяржаўны абвінаваўца чытае сьмяротны прысуд і пытаецца асуджанага, ці ён хоча скончыць жыцьцё самагубствам. У выпадку згоды пракурор перадае асуджанаму шклянку з атрутай, якая была вызначана Нацыянальным саветам па ахове здароўя. Калі асуджаны не прыме атруту на працягу пяці хвілін, яго павінны павесіць»[1]. Вайсковы трыбунал мог асудзіць падсуднага да расстрэлу, які прыводзіўся ў выкананьне васьмю вайскоўцамі.
Пасьля савецкай акупацыі Эстоніі, з 1940 году ўсе сьмяротныя прысуды выносіліся ў адпаведнасьці з савецкім заканадаўствам Эстонскай ССР. Да 1970 году ўсе асуджаныя да сьмерці ўтрымліваліся ў адмысловай камэры сьмерці ў Таліне. Пазьней прысуды эстонскім сьмяротнікам сталі прыводзіць у выкананьне і ў іншых гарадах СССР.
Напярэдадні ўваходжаньня Эстоніі ў Эўразьвяз паўстала пытаньне пра скасаваньне сьмяротнага пакараньня. Яно было цалкам адменена ў Эстоніі 18 сакавіка 1998 году.