Сыстэма кіраваньня зьместам
Сыстэма кіраваньня зьместам, сыстэма кіраваньня кантэнтам або кантэнт-мэнэджар (па-ангельску: Content management system, CMS) — рухавік вэб-бачыны, які дазваляе кіраваць тэкставым і графічным зьместам вэб-бачыны, гэта значыць, зьмяняць ейнае інфармацыйнае напаўненьне, не клапоцячыся пра ўнутраны механізм пабудовы вэб-старонак. Некаторыя віды сайтаў падтрымліваць без сыстэмы кіраваньня зьместам вельмі цяжка.
Цяпер існуе мноства ўжо распрацаваных кантэнт-мэнэджараў, у тым ліку і бясплатных. Іх можна падзяліць на тры тыпы па спосабе працы:
- Генэрацыя старонак па запыце. Кантэнт-мэнэджары такога тыпу працуюць на аснове зьвязку «Модуль рэдагаваньня → База зьвестак → Модуль пада́ньня». Модуль паданьня генэруе старонку са зьместам пры запыце на яго на аснове інфармацыі з базы зьвестак. Інфармацыя ў базе зьвестак зьмяняецца з дапамогай модулю рэдагаваньня. Старонкі зноўку ствараюцца серверам пры кожным запыце, а гэта стварае нагрузку на сістэмныя рэсурсы. Нагрузка можа быць шматкроць паніжаная пры выкарыстаньні сродкаў кэшаваньня, якія маюцца ў сучасных вэб-серверах.
- Генэрацыя старонак пры рэдагаваньні. Кантэнт-мэнэджары гэтага тыпу па сутнасьці ёсьць праграмамі для рэдагаваньня старонак, якія пры занясеньні зьменаў у зьмест сайта ствараюць набор статычных старонак. Пры такім спосабе ахвяруецца інтэрактыўнасць паміж наведвальнікам і зьмесцівам сайта.
- Зьмяшаны тып. Як вынікае з назову, спалучае ў сабе перавагі першых двух. Можа быць рэалізаваны шляхам кэшаваньня: модуль паданьня генэруе старонку адзін раз, у далейшым яна ў разы хутчэй падгружаецца з кэша. Кэш можа абнаўляцца як аўтаматычна, па заканчэньні некаторага тэрміну часу, або пры занясеньні зьменаў у вызначаныя падзелы сайта, так і ўручную па камандзе адміністратара.
Іншы падыход — захаваньне вызначаных інфармацыйных блёкаў на этапе рэдагаваньня сайту і зборка старонкі з гэтых блёкаў пры запыце адпаведнай старонкі карыстальнікам.
Тэрмін «кантэнт-мэнэджар» можа таксама азначаць род чалавечай дзейнасьці (рэдактар сайту).
Вялікая частка сучасных сыстэм кіраваньня зьместам рэалізуецца з дапамогай візуальнага рэдактара — праграмы, якая стварае html-код з адмысловай спрошчанай разьметкі, якая дазваляе карыстальніку прасьцей фарматаваць тэкст. Прыкладам апошняй зьяўляецца вікі-тэкст.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьСыстэма кіраваньня зьместам — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- «Матрыца параўнаньня» розных СКЗ (анг.)
- Агляды CMS (анг.)
- Рэйтынг CMS (анг.)
- OpenSourceCMS (анг.)