Сполах «Ірыдыюму»
Сполах «Ірыдыюму», успышка «Ірыдыюму» — зьява, выкліканая адлюстраваньнем сонечнага сьвятла гладкімі паверхнямі антэн спадарожнікаў сыстэмы спадарожнікавай сувязі «Ірыдыюм». Касьмічны сэгмэнт сеткі «Ірыдыюм» складаецца з 66 касьмічных апаратаў (масай прыкладна 700 кг кожны), раўнамерна разьмешчаных на 6 прыпалярных кругавых арбітах з нахілам 86,4° і вышынёй каля 780 км.
Час жыцьця аднаго касьмічнага апарату сыстэмы складае ня менш за 5 гадоў. Кожны апарат фармуе сваю зону абслугоўваньня плошчай каля 19 млн квадратных кілямэтраў. Зоны абслугоўваньня ўсіх 66 касьмічных апаратаў цалкам пакрываюць Зямлю.
Сувязь з абанэнтамі падтрымліваецца з дапамогай 3 галоўных антэн (MMA — Main Mission Antenna) памерам 86×186 см.
Час ад часу адна з антэн MMA адлюстроўвае сонечныя прамяні на паверхню Зямлі, ствараючы блік дыямэтрам каля 10 км, які рухаецца па паверхні плянэты. Для зямнога назіральніка гэта выглядае як плаўнае зьяўленьне і наступнае плаўнае зьнікненьне звышяскравай зоркі. Зьява працягваецца менш за 10 сэкунд.
Так як становішча кожнага касьмічнага апарату вядома, можна з высокай дакладнасьцю вылічыць час зьяўленьня такіх блікаў для любога пункту плянэты. Аматары астраноміі часта фатаграфуюць гэтыя прыгожыя зьявы.
Некаторыя сполахі вельмі яркія — некаторыя дасягаюць зорнай велічыні -8, а некаторыя -9,5. Сполахі такой яркасьці могуць назірацца нават днём, але найбольшае ўражаньне ствараюць уночы. На сёньняшні дзень спадарожнікі сыстэмы «Ірыдыюм» падчас адлюстраваньня сонечнага сьвятла на Зямлю — самыя яркія зоркападобныя аб’екты на небасхіле.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьСполах «Ірыдыюму» — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Heavens Above (анг.) — сайт, які прагназуе ўспышкі «Ірыдыюму» ў любым месцы на Зямлі
- Iridium FAQ (рас.) — FAQ, прысьвечаны ўспышкам «Ірыдыюму»
- Iridium page at Visual Satellite Observer’s Home Page (анг.) — падрабязнае апісаньне паходжаньня выбліскаў «Ірыдыуму»
- Успышка «Ірыдыюму», зьнятая ў сярэдняй паласе Расеі