Знак Скарыны
(Перанакіравана з «Сонца маладзіковае»)
Знак Скары́ны — асабісты сыгнэт Францыска Скарыны, на якім былі выяўлены прамяністае Сонца анфас з прытуленым справа маладзіком з тварам у профіль. Мяркуецца, што гэтым, магчыма, сымбалізавалася сонечнае зацьменьне 16 сакавіка 1485 году[1] (было бачна ў Полацку ўвечары, калі месяц пакрываў да 85% сонца), і што Скарына такім чынам паказваў дату свайго нараджэньня. Таксама Скарына мог бачыць у дзяцінстве зацьменьні 8 траўня 1491 г.[2] і 1 кастрычніка 1502 г.[3] (у Полацку абодва разы месяцам закрывалася больш за 90% сонечнага дыска), што магло ўразіць хлопчыка і паўплываць на ягоны выбар. Паводле іншага меркаваньня, сонца — сымбаль асьветы, сьвятла, цяпла, вечнасьці, а малады (а ня ветахавы) Месяц — росту і маладосьці.