Рэйс Iran Air 655
Катастрофа рэйсу Iran Air «655» — авіяцыйная катастрофа рэгулярнага рэйсу іранскіх дзяржаўных авіялініяў, якая адбылася 3 ліпеня 1988. Самалёт Airbus A300B2-203 (рэгістрацыйны нумар EP-IBU) абслугоўваў маршрут IR655 паміж Тэгеранам і Дубаем (ААЭ) з прамежкавай перасадкай у Бэндэр-Абасе. Празь некалькі хвілінаў па вылеце з Бэндэр-Абасу самалёт быў зьбіты над Пэрсыдзкай затокай крэйсэрам USS «Vincennes» ВМС ЗША. Усе прысутныя на борце летака (274 пасажыры, у тым ліку 66 дзяцей, і 16 чальцоў экіпажу) загінулі.
Катастрофа рэйсу Iran Air 655 | |
Зьвесткі пра катастрофу | |
---|---|
Дата | 3 ліпеня 1988 |
Характар | зьбіцьцё |
Прычына | трапляньне ракеты з вайсковага крэйсэра USS «Vincennes» |
Месца катастрофы | Пэрсыдзкая затока |
Пункт вылету | Тэгеран |
Пункт перасадкі | Бэндэр-Абас |
Пункт прызначэньня | Дубай |
Паветранае судна | |
Мадэль самалёта | Airbus A300B2-203 |
Авіякампанія | Iran Air |
Бартавы нумар | IR655 |
Рэгістрацыйны нумар | EP-IBU |
Пасажыры | 274 |
Экіпаж | 16 |
Загінулі | 290 |
Выжылі | 0 |
У момант атакі самалёт ляцеў стандартным паветраным калідорам у іранскай паветранай прасторы, а амэрыканскае судна знаходзілася ў іранскіх тэрытарыяльных водах Пэрсыдзкай затокі. Амэрыканскі ўрад назваў зьбіцьцё іранскага самалёта памылкай, выкліканай ягонай хібнай ідэнтыфікацыяй як іранскага зьнішчальніка F-14; выказаў смутак па загінулых і сплаціў іхнім сем’ям кампэнсацыі, але афіцыйных прабачэньняў Ірану не прынёс, хоць крэйсэр падчас інцыдэнту парушыў іранскую водную і паветраную прастору[1]. Іранскія авіяперавозчыкі ў знак памяці пра загінулых вырашылі ані скасоўваць, ані пераймяноўваць рэйс.