Парлямэнт Казахстану
Парлямэнт Рэспублікі Казахстан (па-казаску: Қазақстан Республикасының Парламенті) — найвышэйшы прадстаўнічы орган (парлямэнт) Рэспублікі Казахстан, які ажыцьцяўляе заканадаўчыя функцыі.
Склад і паўнамоцтвы
рэдагавацьПарлямэнт Рэспублікі Казахстан складаецца зь дзьвюх палатаў: Сэната і Мажыліса, што дзейнічаюць на сталай аснове.
- Сэнат складаюць дэпутаты (47 месцаў), абраныя ў парадку, усталяваным канстытуцыйным законам, па два чалавекі ад кожнай вобласьці, гарадоў рэспубліканскага значэньня і сталіцы Рэспублікі Казахстан (14 абласьцей, 2 гарады). Пятнаццаць дэпутатаў Сэната прызначаюцца Прэзыдэнтам Рэспублікі з улікам неабходнасьці забесьпячэньня прадстаўніцтва ў Сэнаце нацыянальна-культурных і іншых значных інтарэсаў грамадзтва.
- Мажыліс складаецца з 107 дэпутатаў, абіраных у парадку, вызначаным канстытуцыйным законам. Дэпутат Парлямэнта ня можа быць адначасова чальцом абедзьвюх палатаў.
Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Сэната — шэсьць гадоў, тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Мажыліса — пяць гадоў.
Гісторыя
рэдагавацьПасьля абвяшчэньня незалежнасьці да 1993 году дзейнічаў Вярхоўны савет, абраны пры савецкай уладзе. У сьнежні 1993 Вярхоўны савет самараспусьціўся. У 1994 годзе прайшлі першыя парлямэнцкія выбары.
19 верасьня 2004 адбыліся выбары ў Мажыліс. Па дадзеных Цэнтравыбаркаму рэспублікі, у галасаваньні па партыйных сьпісах (па іх разьмяркоўваюцца дзесяць дэпутацкіх мандатаў з 77, астатнія вызначаюцца па выбарах у аднамандатных акругах) з 60,62% галасоў перамагла партыя «Отан» («Айчына»), «ідэйным лідэрам» якой зьяўляецца Нурсултан Назарбаеў. Другое месца заняла ўмерана-апазыцыйная партыя «Ак Жол» («Сьветлы шлях») — 12,04%. Трэцяй стала партыя «Асар», узначаленая дачкой прэзыдэнта Дарыгой Назарбаевай; чацьвертым — блёк АІСТ(Аграрна-індустрыяльны саюз працаўнікоў), ляяльны прэзыдэнту. Блёк АІСТ, па афіцыйных дадзеных, на 0,07% перавысіў неабходныя для праходжаньня ў парлямэнт 7%.
2 лістапада прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў нечакана распусьціў дзейны склад парлямэнта і прызначыў на 3 лістапада першы дзень паседжаньня дэпутатаў трэцяга скліканьня. У адказ адзіны прадстаўнік апазыцыі, які прайшоў у парлямэнт — сустаршыня партыі «Ак жол» Аліхан Баймэнаў — здаў свой дэпутацкі мандат.
18 жніўня 2007 году прайшлі датэрміновыя выбары ў ніжнюю палату парлямэнта — мажыліс. Па выніках выбараў 7% бар’ер пераадолела, набраўшы больш 80%, толькі адна партыя — Нур-Отан. Апазыцыя выбары не прызнала. Маршалкам парлямэнта стаў былы акім Атыраўскай вобласьці Аслан Мусін.
16 лістапада 2011 году прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ «Аб роспуску Мажыліса Парлямэнту Рэспублікі Казахстан 4-га скліканьня і прызначэньні пазачарговых выбараў дэпутатаў Мажыліса Парлямэнту Рэспублікі Казахстан», згодна зь якім ніжняя палата парлямэнту была распушчана.