Новая Бухаўшчына (Маладэчна)

Новая Бухаўшчына (Новая Бухаўшчызна) — гістарычная мясьціна Маладэчна, былыя вёска і фальварак. У распараджэньні аб наданьні мястэчку Маладэчна статусу места ўваходзіць у лік пунктаў, якія ўключаюцца ў склад новаўтворанага гораду.[1] У 1950-я гады на пустэчы каля Новай Бухаўшчыны быў закладзены новы цэнтар места — плошча Леніна (цяпер Цэнтральная), што дае падставу атаясамліваць Новую Бухаўшчыну з раёнам забудовы, які склаўся побач зь вёскай Бухаўшчына пасьля пракладкі чыгункі, абмежаваным ракой Бухаўка з захаду, вуліцамі Віленскай з паўднёвага ўсходу і Лібава-Роменскай з поўначы.

У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў у Новае Бухаўшчыне разьмяшчаліся сьпіртавы й шпалапрапітны заводы, паравы млын Дабравольскага, чыгуначныя майстэрні.[2]

Тапонім Новая Бухаўшчына ніяк не пазначаны на мапе Маладэчна.

Гістарычныя збудаваньні

рэдагаваць
  • Будынак староства па вул. Лібава-Роменскай, 1926 (перабудаваны з дарэвалюцыйнага рэктыфікацыйнага заводу Гечэвіча)
  • Будынак вязьніцы, пачатак ХХ ст.
  • Друкарня, пачатак ХХ ст., вул. Прытыцкага, 1 (Трэці паверх надбудаваны ў 1950-я гады).
  • Дом начальніка турмы, вул. Таўлая, 5 (1925)
  • Прыватныя жылыя будынкі па вул. Віленская, Чыстая, Лібава-Роменская (1930-я гады)

Страчаная спадчына

рэдагаваць

Галоўная адметнасьць Новай Бухаўшчыны — дзесяцімэтровы крыж, што стаяў каля павароту дарогі ў бок Вільні — быў зьнесены ў 50-я гады. На месцы сучаснага Партызанскага завулку ў 1936-39 гг. быў пабудаваны вайсковы касьцёл Сьв. Юзэфа (работы не былі скончаныя). Ягоны падмурак памерам 50х20 м. быў зроблены з каменю, былі ўстаноўленыя бэтонавыя калёны, выдзеленая цагляная паўцыркулярная апсыда, астатнія часовыя канструкцыі былі драўлянымі. Набажэнствы адпраўляў вайсковы ксёндз-капэлян. Разбураны ў 1959 г. Побач з касьцёлам знаходзілася драўляная плябанія, якая праіснавала да канца 2000-х гадоў. Драўляны корпус СШ№4, які быў пабудаваны падчас нямецкай акупацыі,[3] быў зьнесены ў 2014 годзе.[4] Будынак банку другой паловы 1930-х гадоў на рагу Прытыцкага і Грамадоўскай пасьля рэканструкцыі быў зьнесены ў 2002 годзе для пабудовы новага будынку "Беларусбанку", гэткі ж лёс напаткаў і даваенныя драўляныя будынкі, што разьмяшчаліся побач. Таксама зь лета 1944 да сярэдзіны 60-х гадоў праз раён праходзіла чыгуначная лінія, якая затым была разабраная.[5]

Літаратура

рэдагаваць
  • Г.А.Каханоўскі. Маладзечна. -Мн., Полымя, 1988
  • Памяць: Гісторыка-дакумэнтальная хроніка Маладэчна і Маладэчанскага раёну. - Мн.: БелЭн, 2002.