Міраван

карціна Джозэфа Райта з Дэрбі

Міраван, які ўзламвае грабніцу сваіх продкаў (па-ангельску: Miravan Breaking Open the Tomb of his Ancestors) — карціна Джозэфа Райта, напісаная ў 1772 годзе.

Міраван
англMiravan
Мастак Джозэф Райт з Дэрбі
Год 1772
Памеры 127 × 101.6
Месцазнаходжаньне Музэй і мастацкая галерэя Дэрбі

Апісаньне

рэдагаваць

Пра гісторыю Міравана Джозэф Райт даведаўся з кнігі «Letters Concerning Taste» Джона Гілбэрта Купэра, якая была апублікаваная ў 1755 годзе[1]. Купэр адзначае, што гісторыя мае пэрсыдзкае паходжаньне, але гэтаму не існуе сапраўдных пацьверджаньняў. Мастацкая тэхніка Райта славілася выкарыстаньнем незвычайных крыніцаў сьвятла, і гэтая карціна спалучае дадзены мэтад са стылем, які называўся нэаготыкай, у якім Райт, да прыкладу, напісаў сваю карціну «Дэмакрыт, які вывучае анатомію» (анг. Democritus studying anatomy)[2]. Таксама гэтыя дзьве карціны паказваюць абазнанасьць ейных пэрсанажаў у чалавечай анатоміі.

Карціна была названая «Міраван, які ўзламвае грабніцу сваіх продкаў» і паказвае шляхціча, Міравана, які знайшоў грабніцу аднаго з сваіх прашчураў. Кіраваны хцівасьцю, ён загадвае ўзламаць грабніцу пасьля таго, як бачыць на ёй інскрыпцыйны надпіс, які паведамляе пра наяўнасьць «большых багацьцяў за тыя, якімі калі-колечы валодаў Крэз», лідыйскі цар[3]. Карціна паказвае рэзкую зьмену ў постаці Міравана і ягоны гнеў, калі ён даведваецца, што быў ашуканы. Ягоны продак паведамляе яму, што Міраван ужо ніколі не здабудзе вечны спакой праз тое, што ён патрывожыў свайго прашчура[4].

Падобная гісторыя была апісаная ў Герадота — пра Дарыюса, сына Хіспапсэса, які ўскрыў магілу царыцы Бабілёну Нікотрыс, якая пакінула загад не ўскрываць магілу без крайняй на тое патрэбы. Дарыюс выявіў у грабніцы толькі цела царыцы і надпіс пра тое, што нясквапны і ня хцівы да грошай ніколі б не патрывожыў спачын мёртвай[5].

Гісторыя

рэдагаваць

Карціна была выгравіраваная ў 1772 годзе Валентайнам Грынам і як многія з карцінаў Райта з сваімі выразнымі цёмным і сьветлымі зонамі ідэальна пасавала да мэцца-тынта[6]. Карціна была купленая пры жыцьці Райта містэрам Мілнам (які мог паходзіць з Ўэйкфілду)[7]. Карціна была перададзеная Музэю і мастацкай галерэі Дэрбі ў 1935 годзе дзякуючы фінансавай падтрымцы Вялікабрытаніі[1].

  1. ^ а б Miravan Breaking Open the Tomb of his Ancestors. artfund.org. Праверана 28 May 2011 г.
  2. ^ Joseph Wright of Derby. Tate Gallery. Праверана 29 May 2011 г.
  3. ^ Letters of Taste, John Gilbert Cooper, Letter X, P.69, accessed May 2011
  4. ^ Miravan Breaking Open the Tomb of his Ancestors Treasures of Derby. Derby.gov.uk. Праверана 28 May 2011 г.
  5. ^ Benedict Nicolson, Paul Mellon Foundation for British Art Joseph Wright of Derby: painter of light. — Taylor & Francis, 1968. — С. 53. — ISBN 9780710062840
  6. ^ British Prints 18th-20th centuries p172, Campbell Fine Art, 1993, accessed May 2011
  7. ^ Joseph Wright of Derby, Benedict Nicholson, vol 1, p107, 1968, accessed May 2011