Маўклівая большасьць

палітычнае паняцьце

Маўклі́вая большасьць (па-ангельску: silent majority) — група людзей у калектыве або краіне, якія не выражаюць свае меркаваньні публічна і не бяруць актыўны ўдзел у грамадзкім альбо палітычным жыцьці.Першыя згадваньні гэтай фразы адносяцца да XIX стагодзьдзя, але папулярнасьць у сучасным значэньні яна атрымала пасьля прамовы амэрыканскага прэзыдэнта Рычарда Ніксана 3 лістапада 1969 на фоне пратэстаў супраць Віетнамскай вайны, у якой ён заклікаў электарат падтрымаць яго стратэгію «віетнамізацыі» — паступовай перадачы кантролю над ходам баявых дзеяньняў ад амэрыканскіх войскаў да паўднёвавіетнамскіх і заключэньні «ганаровага міру».

На працягу амаль 200 гадоў, палітыка нашай дзяржавы, паводле нашай Канстытуцыі, вырашалася лідарамі Кангрэса і Белага дома, якія былі абраны ўсім народам. Калі шумная меншасьць, якой бы страснай яна не лічыла сваю пазыцыю, атрымае перамогу над розумам і воляй большасьці, у свабоднага грамадзтва ня будзе будучыні ў гэтай краіне. /…/ І таму сёньня вечарам я прашу вас — вялікую маўклівую большасьць маіх суайчыньнікаў-амэрыканцаў — я прашу вас падтрымаць мяне.

У сваёй прамове Ніксан супрацьпаставіў сваю стратэгію палітычнага рэалізму ідэалізму пратэстуючых, падкрэсьліўшы, што хуткі вывад войск зь Віетнама, якога яны патрабуюць, прывядзе да паразы ў вайне і стане пагрозай міру ў сьвеце. Запрасіўшы падтрымцы ў тых людзей, што падзялялі яго пазыцыю, але не выказвалі гэту падтрымку публічна, Ніксан супрацьпаставіў прыхільнікаў хуткага міру ў Віетнаме астатняй краіне.

Прамова апынулася вельмі пасьпяховай — рэйтынгі прэзыдэнта ўзьняліся з 50 % да 81 %. Асновай маўклівай большасьці, да якой зьвяртаўся Ніксан, былі вэтэраны Другой сусьветнай вайны і моладзь з рабочага і сярэдняга клясы, насельніцтва маленькіх местаў і прыгарадаў мегаполісаў, якія адчувалі сябе пакінутымі краінай пасьля вялікіх сацыяльных зьменаў, якія адбыліся ў 1960-ыя, і не атрымліваючымі прадстаўніцтва ў палітычным жыцьці Амэрыкі. У студзені 1970 часопіс Time абраў людзьмі 1969 году прадстаўнікоў Сярэдняй Амэрыцы — маўклівую большасьць краіны, кансэрватыўнае насельніцтва гарадкоў і вёсак цэнтральных штатаў.

Прэзыдэнт працягваў выкарыстоўваць падобную рыторыку і ў далейшым, атрымаўшы перамогу на выбарах 1972 г. у 49 з 50 штатаў. Да «маўклівай большасьці» таксама зьвярталіся і кампаніі Рональда Рэйгана ў 1970-80-ых гадах, рэспубліканцы падчас пераможных для іх выбараў 1994 году і Дональд Трамп падчас сваёй выбарчай кампаніі 2016 г.