Лыжнае дваяборства
Лы́жнае дваяборства — алімпійскі від спорту, які спалучае ў сваёй праграме скачкі на лыжах з трампліну й лыжныя гонкі. Іншая назва — паўночная камбінацыя. Першапачаткова найбольш разьвітым гэты від спорту быў у Нарвэгіі: на першых 4 зімовых Алімпіядах (1924, 1928, 1932 і 1936) увесь подыюм займалі нарвэжцы, а з 12 даваенных чэмпіянатаў сьвету нарвэжцы выйгралі восем. Па стане на канец Алімпійскіх гульняў 2010 году ў Ванкувэры, нарвэжцы выйгралі 11 залатых алімпійскіх мэдалёў у лыжным дваяборстве, на другім месцы фіны з 4 залатымі мэдалямі.
У апошнія гады традыцыйная праграма лыжнага дваяборства зьведала істотныя зьмены. На дадзены момант праводзяцца дзьве індывідуальныя дысцыпліны: скачок са звычайнага ці вялікага трампліну (адна спроба) і лыжная гонка на 10 км. вольным стылем. Для кожнай з гэтых дысцыплінаў дзейнічаюць агульныя правілы з малаважнымі дадаткамі.
Стартавая пазыцыя ўдзельнікаў спаборніцтваў на лыжнай трасе вызначаецца месцам, занятым у скачках з трампліну. Першым сыходзіць на дыстанцыю пераможца, астатнім за кожнае ачко адставаньня на трампліне налічаецца вызначаная колькасьць сэкундаў (сыстэма Гундэрсэна).
Камандны від — эстафэта 4×5 км: кожны з 4 удзельнікаў каманды зьдзяйсьняе па адным скачку, а затым каманды сыходзяць са старту лыжнай эстафэты з улікам агульнага выніку каманды ў скачках.
Раней і індывідуальныя віды, і эстафэты праводзіліся ў іншых фарматах: з трампліну ўдзельнікі зьдзяйсьнялі па 2 скачкі, а затым беглі 15 км. (быў таксама спрынт на 7,5 км. пасьля аднаго скачку). У эстафэце спартоўцы таксама зьдзяйсьнялі па 2 скачкі, а яшчэ раней эстафэта праводзілася ў фармаце 3×10 км.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЛыжнае дваяборства — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў