Лекары сьвету за прадухіленьне ядзернай вайны
Лекары сьвету за прадухіленьне ядзернай вайны (ЛСПЯВ) (па-ангельску: International Physicians for the Prevention of Nuclear War) — міжнародны рух работнікаў аховы здароўя, дзейнасьць якога накіраваная на прадухіленьне ядзернага канфлікту і заахвочваньне ядзернага раззбраеньня. Арганізацыя была заснаваная ў сьнежні 1980 году амэрыканскім прафэсарам кардыялёгіі Гарвардзкага інстытута грамадзкага здароўя Бэрнардам Лаўнам і савецкім доктарам мэдычных навук, дырэктарам Усесаюзнага кардыялягічнага навуковага цэнтру АМН СССР Яўгенам Чазавым. За сваю дзейнасьць у 1984 годзе арганізацыя была адзначана прэміяй ЮНЭСКО, а ў 1985 была ўдастоеная Нобэлеўскай прэміі міру за заслугі ў інфармаваньні грамадзкасьці і схіленьне сьвядомасьці чалавецтва на карысьць міру. У сярэдзіне 1980-х колькасьць чальцоў ЛСПЯВ налічвала каля 145 000 чалавек, а да пачатку 1990-х у рух ўваходзіла ўжо каля 200 000 чалавек з больш чым 60 краінаў сьвету. У 2007 годзе арганізацыяй была пачатая кампанія, накіраваная на зьнішчэньне ядзернай зброі.