Кэдман, Кэдман Ўітбіцкі (па-стараангельску: Cædmon) — найранейшы ангельскі паэт.

Руіны абацтва Ўітбі, дзе Кэдман мусіў жыць і працаваць

Будучы пастухом пры абацтве Ўітбі, узначаляванага тады абатысаю сьв. Гільдай (657—680), Кэдман першапачаткова не валодаў песенным мастацтвам, аднак, згодна з Бэдай, аднойчы ў сьне яму зьявіўся незнаёмы чалавек і зьвярнуўся да яго, кажучы: «Кэдман, прасьпявай мне што-небудзь». Кэдман мусіў адмаўляцца падкрэсьліваючы, што ён не валодае мастацтвам сьпеву, але прачнуўшыся, ён ужо памятаў 9 радкоў зь песьні, якую сам сачыніў і прасьпяваў. Даведаўшыся пра гэты цуд, людзі параілі Кэдману ісьці да сьвятой Гільды, абатысы кляштара Ўітбі. Выслухаўшы Кэдмана і пераканаўшыся ў ягоных дзівосных здольнасьцях, Гільда параіла яму застацца ў кляштары, а іншым манахам загадала добра вучыць новага брата Сьвятому Пісаньню. Кэдман жа ўсё, чаму яго навучалі, у хуткім часе перакладаў на вершы.

Кэдман зьяўляецца адным з дванаццаці англасаксонскіх паэтаў, якія згадваюцца ў сярэднявечных дакумэнтах і адным з трох, літаратурныя працы якіх захаваліся і дагэтуль. Яго гісторыя ўзыходзіць да «Царкоўнай гісторыі народу англаў» Бэды Вялебнага.[1]

Адзіным ягоным творам, захаваным да нашых дзён зьяўляецца «Гімн Кэдмана», дзевяцірадковая алітэрацыйная паэма ў гонар Бога, пра якога ён навучыўся сьпяваць у сваім сьне. Гэтая паэма напісана на досыць своеасаблівым нартумбрыйскім дыялекце і адначасова лічыцца першым дакладным прыкладам старажытнаангельскае паэзіі.[2] Таксама зьяўляецца аднім з найранейшых помнікаў германамоўнае паэзіі.

Гімн Кэдмана

рэдагаваць
 
Адзін з двух кандыдатаў на найранейшую копію «Гімна Кэдмана». Захоўваецца ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы Кембрыджу.

«Гімн Кэдмана» (аўдыёвэрсія[3]) — адзіны захаваны вершаваны твор з усёй літаратурнай спадчыны пісьменьніка. Паэма вядомая з дваццаці адной манускрыптавай копіі, што робіць яе найбольш задакумэнтаваным стараангельскім творам пасьля «Песьні сьмерці» Бэды (35 сьведчаньняў) і самым задакумэнтаваным творам у калекцыі перадрукаваных альбо ўласных вершаваных манускрыптаў Вялікабрытаніі ў часы англасаксонскага пэрыяду. «Гімн» мае вельмі заблытаную гісторыю з усіх ахаваных англасаксонскіх паэмаў. Варыянты гэтага твору знойдзены на двух дыялектах і ў пяці розных рэдагаваньнях (нартумбрыйская aelda, нартумбрыйская eordu, усходнесаксонскае eorðan, заходнесаксонскае ylda, і заходнесаксонскае eorðe), зь якіх усе акрамя аднаго вядомыя з трох і больш крыніцаў.

Паэма напісана традыцыйным алітэрацыйным вершам. Кожны радок складаецца зь двух паўрадкоў. У радку чатыры моцныя націскі (па два ў кожным паўрадку). Паўрадкі зьвязаны спаміжсобку алітэрацыяй моцнанаціскных складоў. Рыфма не ўжываецца. Такая форма верша ўласьцівая для ўсіх германскіх народаў.[4]

Нартумбрыйскі дыялект
nu scylun hergan
hefaenricaes uard
metudæs maecti
end his modgidanc
uerc uuldurfadur
swe he uundra gihwaes
eci dryctin
or astelidæ
he aerist scop
aelda barnum
heben til hrofe
haleg scepen.
tha middungeard
moncynnæs uard
eci dryctin
æfter tiadæ
firum foldu
frea allmectig
Транскрыпцыя з мовы арыгіналу
[nuː ˈskʲylun ˈherjɑn
ˈhevænriːkʲæs wɑrd
ˈmetudæs ˈmæxti
end his ˈmoːdɣiðɔnk
werk ˈwuldurfɑdur
sweː heː ˈwundrɑ ɣiˈhwæs
ˈeːkʲi ˈdryxtin
or ɑːˈstelidæ
heː ˈæːrist skoːp
ˈældɑ ˈbɑrnum
ˈheven til ˈhroːve
ˈhɑːleɣ ˈskʲepːen
θɑː ˈmidːunɣæɑrd
ˈmɔnkʲynːæs wɑrd
ˈeːkʲi ˈdryxtin
ˈæfter ˈtiadæ
ˈfirum ˈfoldu
ˈfræːɑ ˈɑlːmextiɣ]
Пераклад на беларускую [5]
Уславім годна
Гаспадара Горняга,
Магуцце Дужага
й задуму Ягоную,
Сільнага справу —
як усім дзівосам,
Валадар Адвечны,
даў Ён пачатак,
Нябёсы паставіў —
зямным істотам
Дах цудоўны,
Добры Стварыцель,
І зямлю сярэдзінную,
людзям прыстанак,
Валадар Адвечны
даáлей вырабіў,
Надзейную сушу,
Суддзя Ўсяслаўны.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць