Крыштаф Сяніцкі
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |
Крыштаф Казімер Сяніцкі (Senicki, Sennicki, Синицкий) гербу Боньча (1671—1711) — трэці сын Вэспасіяна (? — 4 сакавіка 1689) [брата Паўла Сяніцкага, ад другой жонкі, народжанай Шчэпаноўскай, Мікалая Сяніцкага (?-1645)] і Аляксандры Станкар, пісарэўны Гарадзельскай, дачцэ Пятра Станкара, войскага Грабавецкага. Вэспасіян пасьля 1686 г. выехаў на службу ў ВКЛ, бо блізка сышоўся з канюшым ВКЛ Багуславам Радзівілам, і стаў кіраўніком маёнткамі яго адзінай дачкі Людвікі Караліны, а пасьля сьмерці заступніка прыняў адміністрацыю маёнткаў на Падляшшы каля Орлі. Імкнуўся для Радзівілаў атрымаць назад маёнткі Невель і Себеж у Полацкім ваяводзтве. Выконваў апеку над кальвінісцкімі зборамі ў Заблудаве і Венграве. Дочкі: Зоф’я, у 1-м замужжы Ружыцкая, у другім за С. Жэленскім; Канстанцыя замужам за С. Ажароўскім, Тэафілія з 1673 г. жыла ў Каралеўцы, а з 1691 г. замужам за С. Карвіцкім; Сыны: Багуслаў, стольнік Холмскі, меў маёнтак у Орлі; Самуіл (ля 1669—1700), Крыштаф; Стэфан — чэсьнік Холмскі (ля. 1673—1738).
Біяграфія
рэдагаваць16 лютага 1689 г. Крыштаф разам са сваім братам Самуілам быў залічаны ў Кёнігзбэрскі ўнівэрсытэт, а з 2 красавіка 1692 г. ён працягнуў вучобу на юрыдычным факультэце Лейдэнскага ўнівэрсытэту. У Рэч Паспалітую вярнуўся да пачатку 1695 г.
Пасьля элекцыі Аўгуста II Моцнага ў 1697 г., Крыштаф знаходзіўся ў асяродзьдзі новага караля; быў каралеўскім прыдворным, у жніўні 1698 г. камісарам па справах саксонскага войска, раскватараванага ў Нейбурскіх валадарствах. На мяжы 1698 і 1699 гг. выконваў сваю камісарскую функцыю ў Слуцку. Падчас пацыфікацыйнага сойма 1699 г. знаходзіўся ў Варшаве, але, па ўсёй верагоднасьці, не ў якасьці пасла. 24 траўня 1700 г. атрымаў пасаду харунжага Ноўгарад-Северскага. Верагодна, браў удзел у бітве 18 лістапада 1700 г. пры Алькеніках пад камандаваньнем генэральнага палкоўніка ВКЛ Міхала Вішнявецкага, зь якім да канца сваёй кар’еры быў цесна злучаны. За свае заслугі ў студзені 1701 г. атрымаў староства Дудзіцкае, пасьля забітага ў бітве пры Алькеніках Міхала Сапегі. У ліпені 1701 г. кароль Аўгуст II Моцны паслаў яго ў Вільню на зьезд шляхты ВКЛ. Увосень, гэтага ж гаду, браў удзел у зьезьдзе рэспубліканцаў ВКЛ, падчас якога былі праведзены перамовы з Сапегамі пра ўмовы пацыфікацыі ВКЛ. Канчаткова падпісаў пацыфікацыйны акт, як мэдыятар на варшаўскім сойме 16 студзеня 1702 г. Верагодна, увесну, падчас працяглага знаходжаньня ў Варшаве ён перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва (прыняўшы імя Казімер) і атрымаў ад караля ў адміністрацыях высокарэнтабельных эканомію Магілёўскую.
У верасьні 1702 г. Крыштап Казімер удзельнічаў у аблозе рускім войскам і войскамі ВКЛ Старога Быхава. Ён узяў фактычна на сябе камандаваньне над аблогавымі працамі, якія вёў Міхал Халецкі, староста Мазырскі. Пасьля капітуляцыі крэпасьці 10 кастрычніка 1702 г., зрабіўся кашталянам новага гарнізону ў Быхаве. Намінацыя гэта была пацьверджаная зьездам 7 сьнежня 1702 г. шляхты ВКЛ у Ружанах, дзе прызначылі яго таксама адміністратарам усяго Быхаўскага графства, за выключэньнем гораду.
На пераломе 1702 і 1703 гг., верагодна, удзельнічаў разам зь Вішнявецкім у бітвах са швэдзкімі войскамі ў Кароне Польскай. 6 лютага 1703 г. атрымаў чын генэрал-маёра войскаў ВКЛ і камандзіра пешага рэгумэнту. Тады ж каралём Аўгустам II Моцным быў пасланы на сакавіцкі зьезд шляхты ВКЛ у Вільню, дзе адыграў дзейсную ролю ў стварэньні 8 сакавіка 1703 г. канфэдэрацыі ВКЛ у абарону караля. 10 траўня 1703 г. Аўгуст II прысвоіў яму званьне літоўскага мечніка. Як пасол ад Інфлянтаў прысутнічаў на Люблінскім сойме і быў абраны ў Скарбовую камісію ВКЛ і ў Раду з боку караля. Прызначаны Вялікім гетманам ВКЛ Вішнявецкі даручыў яму камандаваньне сваім палком драгоніі, у які Крыштаф уключыў уласную харугву (якая дасталася яму 30 красавіка 1703 г. пасьля Казімера Кміціца).
У 1704 г. прыняў удзел ва ўсеагульным зьезьдзе прыхільнікаў Аўгуста II Моцнага пад Сандамірам, дзе стаў канфэдэрацкім дараднікам і судзьдзём створанай там 28 ліпеня Канфэдэрацыі. Улетку 1704 г., разам з атрадам Вішнявецкага ўдзельнічаў у баях са швэдамі ў Жмудзі і Курляндыі. Удзельнічаў 5 жніўня ў бітве пад Кройцбургам, якая скончылася перамогай швэдаў. Увосень перасьледваў прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага, якія ў жніўні сфармавалі ў яго падтрымку Канфэдэрацыі ў Жмудзі і Ўпіцкім павеце ВКЛ. Ён прымусіў канфэдэратаў (з маршалкам Жмудзкага зьвяза Крыштафам Завішай, ваяводам Менскім) зьбегчы ў Прусію, здабыў арыгінальны акт Канфэдэрацыі з подпісамі яе стваральнікаў. 1 лістапада 1704 г. браў удзел у пераможнай бітве сіл прыхільнікаў Вішнявецкага з атрадамі швэдзкіх прыхільнікаў пад камандаваньнем Крыштафа Завішы пад Шкудами (літ. Skuodas). За гэтыя ваенныя заслугі атрымаў ад Аўгуста II Моцнага, за пратэкцыяй Вішнявецкага, староства Чачэрскае.
Напачатку чэрвеня 1705 г. прыняў удзел у Бярэсьці ў няўдалай спробе пагадніць гетманаў ВКЛ Вішнявецкага і Рыгора Агінскага. Суправаджаў затым Вішнявецкага ў бясплодных ваенных дзеяньнях з мэтай захопу Варшавы. У канцы жніўня 1705 г. у Тыкоцыне ўдзельнічаў у нарадзе камандуючых Кароны і ВКЛ, у кастрычніку 1705 г. у сустрэчы ў Кнышыне зь Пятром I і аглядзе саюзных войскаў пад Тыкоцынам. Падпісаў таксама маніфэст супраць каранаваньня Станіслава Ляшчынскага. 26 кастрычніка 1705 г. сілы Вішнявецкага і Сяніцкага, пры падтрымцы А. Mеньшыкава і саксонцаў, пачалі наступ на Прагу пад Варшавай, разьбілі швэдзкія войскі падтрымоўваныя Сапегамі і Патоцкімі, але спроба захопу Сеніцкім маста празь Віслу не атрымалася і яму прыйшлося адступіць пад Нур.
Як дэпутат ад Інфлянт удзельнічаў у пасяджэньнях Сандамірскай канфэдэрацыі ў Гародні (з 23 лістапада па 16 сьнежня 1705 г.), пратэстуючы супраць спусташэньня ВКЛ рускім войскам. Сяніцкі меў акрамя адміністрацыі Быхаўскай і эканоміі Магілёўскай кіраваньне над эканоміяй Шавельскай, староствы Чачэрскае, Ліпніскае і Геранёнскае, Горы-Горкі, Сьвятыя Азёры і Палуйкевічы ў ВКЛ. У Палуйкевічах ён пабудаваў пышны палац. Набыў сабе ліхую славу сярод мясцовага насельніцтва нечуванай сквапнасьцю, рабаваньнямі і пыхай. Яго ахвярамі сталі багатыя гарады — Магілёў і Слуцак. У 1704 г. сілай вымусіў у Магілёве заплаціць яму пяць тыс. талераў, а 1705 г. па загадзе Вішнявецкага падышоў пад Слуцак, патрабуючы ад яго вялікі выкуп на аплату войска. Калі горад адмовіўся, трымаў яго ў аблозе на працягу шасьці тыдняў і 7 ліпеня 1705 г. прымусіў яго да зьняволеньня дамовы і выплаты 40 тыс. тынфаў кампэнсацыі. Мабыць у 1703 г. Патоцкі саступіў яму Люцын (латыш. Ludza), а таксама Гевермуйжу і Азупіну ў Інфлянтах. Увосень 1705 г. Сяніцкі атрымаў ад Аўгуста II валоданьні Кульчыцы і Рэкты ў Рэчыцкім павеце.
Падчас вялікага швэдзкага наступу напачатку 1706 г., 13 ці 14 лютага, атрад Сяніцкага, які кватараваў пад Алітай, быў пабіты швэдзкімі войскамі і прыхільнікамі Ляшчынскага. 1 сакавіка 1706 г. разьезд Крыштафа Казімера атрымаў паразу пад Алькенікамі ў бітве са швэдамі. Увесну 1706 г. Сяніцкі сачыў з Быхава за рухамі рускіх войскаў і казакоў гетмана Івана Мазепы, падазраючы, што рускія жадаюць захапіць крэпасьці ў Быхаве і Магілёве. Ён не дазволіў разьмясьціць у сваёй крэпасьці казацкія атрады, ня даў нават пераканаць сябе ў гэтым цару Пятру I, зь якім сустракаўся ў канцы чэрвеня ў лодцы на Дняпры. У чэрвені 1706 г. быў вылучаны канцлерам Станіславам Шчупаком на маршалка надворнага ВКЛ. У выніку атрымаў у верасьні 1706 г. чын генэрала артылерыі ВКЛ, ротмірства харугвы панцырнай пасьля Мікалая Друцкага і рэгімэнтарства дывізіі Беларускай. Увосень удзельнічаў у сутычках са швэдзкімі войскамі на літоўска-курляндзкім памежжы, аж да перамір’я з-за весткі пра змушанае адрачэньне Аўгуста II Моцнага і Альтранштэдцкай дамове (24 верасьня 1706 г.).
Адрачэньне ад пасады Аўгуст II і спрэчкі ўсярэдзіне лягера былых рэспубліканцаў схілілі партыю Вішнявецкіх да пошукаў дамовы з каралём Станіславам Ляшчынскім, у якім, падобна, Сяніцкі адыграў важную ролю. Пасьля некалькіх месяцаў перамоў разам зь Вішнявецкімі і Крышпінамі Сяніцкі атрымаў амністыю ад Станіслава I (ад 3 лютага 1707 г), які пацьвердзіў яму чын генэрала артылерыі, але забраў званьне мечніка ВКЛ. Напачатку 1707 г. Крыштаф Казімер знаходзіўся ў Прусіі, дзе агаварыў з Сапегамі дамову пра арэнду Горы-Горак, Лоева і Баркалабава ў абмен на 70 тыс. талераў, а затым зьехаў у Быхаў.
Пераход ранейшых правадыроў Аўгустоўскай партыі на бок Ляшчынскага першапачаткова трымалі ў таямніцы (некаторыя гісторыкі лічаць, што Сяніцкі здрадзіў Вішнявецкаму і безь яго ведама змовіўся з Сапегамі, якія прапанавалі яму руку дачкі Станіслава Ежы Сапегі, у абмен на адрыў войскаў ад Вішнявецкага). Цар Пётр I, які падазраваў Вішнявецкага ў намеры здрады, жадаў прыцягнуць Сяніцкага для зрыву гэтых плянаў.
Сяніцкі ласкава прыняў прыбылага ў сакавіку 1707 г. царскага пасланца С. Г. Нарышкіна, аспрэчыў абвінавачваньні, што ён здрадзіў Вішнявецкаму і пісьмова абяцаў Пятру захоўваць саюз з Расеяй. Аднак маскалі перахапілі допіс Сяніцкага да Сапегаў і цар загадаў генэралу Баўру зманам ці сілай завалодаць Быхавам і паланіць Сяніцкага.
У канцы красавіка 1707 г. Сяніцкі выправіўся ў Вільню на адкрыцьцё Трыбунала ВКЛ, на які быў дэпутатам ад Пінскага павету. Аднак атрымаўшы вестку пра падыход са Смаленска рускага канвою з 30 тыс. рублёў, прызначаных для Р. Агінскага на аплату войскаў ВКЛ і подкупу прыхільнікаў Вішнявецкіх, вырашыў забраць гэтыя грошы і адправіць іх Вішнявецкаму. Пасланы Крыштафам Казімерам атрад напаў на гэты канвой пад Начай, перабіў эскорт, забраў царскую казну і злучыўся зь Сяніцкім пад Барысавым. Тут, на пераправе празь Бярэзіну напаў на Сяніцкага рускі атрад под камандай брыгадзіра Валконскага. Сяніцкі быў змушаны адысьці, але 4 траўня 1707 г. пад Бабром яго зноў атакавалі рускія, разьбілі і адабралі частку грошай.
Сяніцкі адступіў у Быхаў, дзе ў яго было тры палаца, аплачаных пакінутымі грашыма. Неўзабаве Быхаў быў абложаны значнымі рускімі сіламі пад камандаваньнем генэрала Баўра і злучанымі зь імі неўзабаве атрадамі Р. Агінскага. Сяніцкі спадзяваўся на дапамогу Сапегаў і Вішнявецкага. Апошні, аднак, не пажадаў адкрыта парваць з Масквой, таксама ён не валодаў дастатковымі сіламі. У 1707 г. галоўныя патроны «Едноты літоўскай» браты Сяніцкія накіравалі ліст пра дапамогу Карлу ХVII, але дапамога не прыйшла.
25 чэрвеня 1707 г. Агінскі схіліў гарнізон да ганаровай капітуляцыі. Гэта дамова гарантавала Сяніцкаму волю і недатыкальнасьць маёнткаў; ён таксама мог вольна сысьці з гарнізонам, але абавязаны быў не ўдзельнічаць больш у вайне з царом. Умовы капітуляцыі аднак не былі рускімі выкананы, Сяніцкі быў арыштаваны (разам са стрыечным братам Людвікам) і адпраўлены ў Смаленск, затым у Вязьму, а потым да Азова. Па шляху туды Сяніцкіх з Варонежу вярнулі ў Маскву, дзе правезьлі ў кайданах праз горад і зьняволілі ў Прэабражэнскі манастыр. Ад Сяніцкага запатрабавалі вяртаньня захопленых царскіх грошаў (хоць у адпаведнасьці з умовамі капітуляцыі справа ўзаемных фінансавых прэтэнзій не павінна была закранацца) і прымушалі падпісаць вэксаль на 50 тыс. яфімак зь яго маёнтка дэпанаванага ў Kенігсьбергу. Відаць, ён таксама атрымаў прапанову прыняцьця службы ў рускім войску, але не пагадзіўся на гэта. У Маскве, яшчэ знаходзіўся ў лютым 1710 гады. Увесь час спрабаваў атрымаць вызваленьне, просячы пісьмова пра дапамогу сэнатараў Кароны і Літвы. Пасьля перахопу гэтага допісу рускімі яго саслалі, разам з братам Людвікам, у Табольск, адкуль тамтэйшы губэрнатар дазволіў ім выехаць у Самараўскі Ям, пад нагляд мясцовага службоўца Г. А. Каляміна. Сяніцкія прабылі там паўгода, навучаючы яго дзяцей, але па загадзе цара (выконваючага нібы просьбу амбасадара Рэчы Паспалітай) былі сасланыя ў Якуцк.
Падчас шляху, пакутуючы ад сухотаў, Крыштаф Казімер Сяніцкі памёр на рацэ Об, паміж Сургутам ды Нарымам і быў пахаваны на безназоўным месцы берага ракі Об.
Крыштаф Сяніцкі, верагодна, сям’і не стварыў. Яго спадчыньнікамі былі стрыечны брат Людвік і Зофья, жонка Мікалая Красінскага, судзіліся яны, па вяртаньні Людвіка зь Якуцка, па сканчэньні некалькіх гадоў зь Янам Ліндорфам, якому Крыштаф у 1707 г. пакінуў частку нерухомасьці на суму ў 83 тыс. злотых.
Літаратура
рэдагаваць- Kaźmirz Krzysztof Sienicki przez Juliana Bartoszewicza. // Księga świata. Ks. 2. Warszawa. 1857. S. 125—128; Осада Быхова въ 1702 и 1707 годахъ и препровожденіе в Сибиръ бывшаго тамъ комендантомъ Литовскаго мечнаго, генералъ-маіора Синицкаго. // Могилевскія губернскія вѣдомости. Могилевъ. 1860. № 13. С. 131—132; № 14. С. 141—143; № 15. С. 153—154; № 16. С. 162—163; № 17. С. 172—174; № 24. С. 261—263; F. M. S. [Sobieszczański] Sienicki (Kaziemierz). // Encyklopedyja powszechna S. Orgelbranda. Warszawa. Tom Dwudziestztrzeci. 1866. S. 425; Sienicki (Kaziemierz). // Encyklopedyja powszechna S. Orgelbranda. Tom Dziesiąty. Nowe stereotypowe wydanie. Warszawa. 1878. S. 443; H. W. Bracia Sieniccy. // Tygodnik ilustrowany. Warszawa. Nr. 28. S. 546—547. Nr. 29. Nr. 569—571. Nr. 30. 592—594. 1902; Быхаўскі раён. IV Быхаў. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. Мінск. 1986. С. 129; Andrzej Rachuba. Sienicki Krzysztof Kazimierz h. Bończa (1671—1711). // Polski słownik biograficzny. Warszawa-Kraków. Tom XXXVII/1. Źeszyt 152. 1996. S. 151—153.