Каменныя валы Сьцеберацкія

«Каменныя валы Сьцеберацкія» — група зь пяці вэртыкальна пастаўленых невялікіх валуноў у лясным урочышчы Сівіха непадалёк ад вёскі Сьцеберакі Вялейскага раёну, геалягічны помнік прыроды рэспубліканскага значэньня.

Сьцеберацкія каменныя валы

Па легендзе каменьні былі валамі і аратымі, якія скамянелі за працу на Вялікдзень. Але навукоўцы лічаць, што камяні каля вёскі Сьцеберакі зьяўляюцца найстаражытнейшым культавым помнікам, які ўшаноўваўся найменш як тысячагодзьдзе таму.

Сьцебярацкія камяні ўнікальныя яшчэ й тым, што разьмешчаны адзін за адным па лініі поўдзень-поўнач, і на кожным зь іх выявы рога-рытона і стрыжня з трохкутнікам ці паўколам на яго вяршыне. Старажытны помнік мог быць паганскім капішчам. На карысьць гэтага сьведчаць выявы рога-рытона, у іншых старажытных культурах падобныя знакі характэрныя для язычніцкіх храмаў або капішчаў, перад імі зьдзяйсьняліся абрады, прыносіліся ахвяры. Менавіта ў такім выглядзе, як на камянях вёскі Сьцебяракі рог-рытон сустракаецца на скульптурных выявах язычніцкіх ідалаў Эўразіі, у тым ліку і на Збруцкім ідале.

Таксама гэтая група камянёў можа быць зьвязана з салярнымі культамі, бо той самы рог-рытон сымбалізуе салярныя боствы і зьяўляецца дэтальлю манумэнтальнай скульптуры скіфаў, славян, прусаў, чаркэсаў, кельтаў, цюркаў і сымбалізуе культ урадлівасьці і дабрабыту.

Да таго ж, адзін і той жа набор знакаў на кожным камяні можа суадносіцца з пэўным сузор’ем, а зьмена кампазыцыяў дае магчымасьць сьцьвярджаць, што на камянях выяўлена нябесная сфэра ў розныя поры году. З гэтага вынікае, што каменны комплекс мог быць прымеркаваны да пэўнага гадавога цыкла, калі зоркі на небе займалі адпаведнае становішча. Такой думкі прытрымліваецца дасьледчык гэтых камянёў, гісторык А. Прохараў. На яго думку, арыентацыя камянёў мае дачыненьне да Палярнай зоркі, якая зьвязана з выявай стрыжня-слупа. Менавіта слуп добра бачны на ўсіх сьцеберацкіх камянях, а прымацаваны да слупа трохкутнік ці паўкола займаюць на выявах цэнтральнае месца і сымбалізуюць сабою зорны купал неба. Тады рог-рытон — сымбаль дабрабыту і стрыжань-слуп на камянях павінны сымбалізаваць сабою пэўныя сузор’і.

Нарэшце, дадзены аб’ект можна ўспрымаць і як пахавальны комплекс. Іншымі словамі, сьцеберацкія камяні могуць быць надмагільлямі старажытнага пахаваньня.

Літаратура

рэдагаваць
  • Дучыц Л., Клімковіч І. Таямніцы каменных валуноў // Полымя. №10. 2007.