Зялёны гарадок (Маладэчна)
Зялёны Гарадок — гістарычная мясьціна Маладэчна ў цэнтральнай частцы сучаснага гораду. Быў забудаваны ў першае дзесяцігодзьдзе пасьля Другой сусьветнай вайны, што было зьвязана зь пераўтварэньнем Маладэчна ў абласны цэнтар і стварэньнем на месцы бульбяных палеткаў зялёнай зоны ў выглядзе Парку Перамогі, адкуль і назва раёну. Разьмяшчаючыся паміж Бухаўшчынай і Галяновам, Зялёны Гарадок займаў незаселеную раней прастору, злучаючы тым самым гэтыя часткі гораду згодна з плянам пасьляваеннага аднаўленьня Маладэчна. Быў забудаваны пераважна драўлянымі будынкамі сядзібнага тыпу, займаючы прастору ад сучаснага цэнтральнага ўваходу ў парк на ўсходзе прыблізна да вул. Драздовіча на захадзе і ад часовай чыгункі на поўначы да былога ваеннага мястэчка на поўдні. Вуліца Жданава (сучасная Машэрава), што злучала Галянова з вул. Камуністычнай, у канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў была забудаваная двухпавярховымі шматкватэрнымі дамамі. У канцы 50-х гадоў быў створаны ансамбль вуліцы Маркава, што мае выгляд бульвару, пэрспэктывы якога накіраваныя на ўваход у парк і тэатар лялек "Батлейка". Цягам 1970-х- 2010-х гадоў драўляная забудова пасёлку саступіла месца шматпавярховым будынкам, а ўжываньне назвы "Зялёны гарадок" звузілася да аднайменнага аўтобуснага прыпынку ля скрыжаваньня Вялікага Гасьцінца і вуліцы Машэрава.
Літаратура
рэдагаваць- Г.А.Каханоўскі. Маладзечна. -Мн., Полымя, 1988
- Памяць: Гісторыка-дакумэнтальная хроніка Маладэчна і Маладэчанскага раёну. — Мн.: БелЭн, 2002.