Завань (Маладэчна)

гістарычная мясьціна Маладэчна

Завань (Залінейны раён, Лясныя, Новы Сьвет) — гістарычная мясьціна Маладэчна, былая калёнія. Разьмешчаная ў паўночна-заходняй частцы места, ад іншых раёнаў адмежаваная чыгункай.

Гісторыя рэдагаваць

Засяленьне тэрыторыі Завані пачалося пасьля пераўтварэньня Маладэчна на чыгуначны вузел у 1907 годзе. Тады рабочыя станцыі атрымалі права сяліцца за пуцямі, на паўночным баку, сярод зарасьцяў, на палянцы. У дарэвалюцыйны час тут зьявілася Швэдзкая вуліца (цяпер Чыгуначная). Па ўваходжаньні ў склад Польшчы паселішча займела статус калёніі. 26 красавіка 1929 году Завань была ўключаная ў склад новаўтворанага гораду Маладэчна. За польскім часам на тэрыторыі Завані знаходзіліся стадыён і польскія вайсковыя могілкі з помнікам, на месцы якіх савецкая ўлада разьмясьціла прамысловыя збудаваньні.[1] У Другую сусьветную вайну тут дзейнічаў «філіял» канцэнтрацыйнага лягеру.

Сучаснасьць рэдагаваць

Цягам апошняга паўстагодзьдзя раён разбудаваўся ў паўночны бок, дасягнуўшы ракі Вуша. Забудова ў асноўным прыватная, па вул. Чыгуначная, Паркавая, Сухая, Ларына — 2—6-павярховая. Ад даваеннай спадчыны ў Завані ацалела ўсяго некалькі будынкаў — жылы дом 1937 году па вул. Чыгуначнай, дом сувязі на рагу Чыгуначнай і Паркавай, лазьня 1914 году па вул. Паркавая і аднапавярховы будынак на скрыжаваньні Чыгуначнай і Полацкай вуліцаў. Не зважаючы на знаходжаньне побач чыгуначнага вузла, Завань лічыцца найбольш ізаляванай часткай гораду. Згодна з генэральнымі плянамі 2008 і 2018 гадоў плянуецца пракладка вуліцаў, што зьвяжуць раён з Насілавам.

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Г. А. Каханоўскі. Маладэчна. -Мн., Полымя, 1988

Спасылкі рэдагаваць