Доўгія заручыны (карціна)
Доўгія заручыны (па-ангельску: The Long Engagement) — карціна мастака-прэрафаэліта Артура Г’юза, напісаная паміж 1854 і 1859 годам. Першапачатковая назва карціны — «Арланда»[1].
Доўгія заручыны | |
англ: The Long Engagement | |
Год | 1854—1859 |
---|---|
Тып | палатно, алей |
Памеры | 105,4 × 52,1 |
Месцазнаходжаньне | Бірмінггэмскі музэй і карцінная галерэя, Бірмінггэм |
На карціне паказаны малады вікарый і яго нявеста на фоне лесу.
Назва «Доўгія заручыны» вынікае з сацыяльнай ўмоўнасьці віктарыянскае эпохі, калі бацькі дзяўчыны, заручонай зь бедным вікарыем, як правіла, не бласлаўлялі іхні плянаваны шлюб да моманту, пакуль малады чалавек не займаў больш годную пасаду ў межах царкоўнае герархіі.
Юнак засмучаны і прыгнечаны немагчымасьцю забясьпечыць будучыню сваёй сям’і, а маладзіца спрабуе падбадзёрыць яго. Як і многія іншыя жаночыя постаці на карцінах Г’юза, яна зьяўляецца ўвасабленьнем віктарыянскай дабрадзейнасьці. На кары дрэва ледзь прыкметна выразана жаночае імя «Эмі». Магчыма, так завуць гераіню, а тут — месца іх пастаянных спатканьняў. Аднак жаночае імя амаль сьцёрлася і зарасло плюшчом, што сымбалізуе няўмольную хаду часу.
У 1902 годзе карціна «Доўгія заручыны» была падораная Бірмінггэмскаму музэю і мастацкай галерэі, дзе і захоўваецца па сёньняшні дзень[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Arthur Hughes: Pre-Raphaelite painter and book illustrator
- ^ The Long Engagement by Arthur Hughes at VictorianartinBritain.co.uk.