Дамастрой
Дамастро́й — расейскі літаратурны помнік XVI стагодзьдзя. Уяўляе сабою дбайна распрацаваны збор правілаў грамадзкіх, рэлігійных і асабліва сямейна-бытавых паводзінаў. Мяркуюць, што «Дамастрой» узьнік у XV стагодзьдзі ў асяродзьдзі багатага наўгародзкага баярства і купецтва. Аўтар яго карыстаўся літаратурнымі крыніцамі ў выглядзе зборнікаў «слоў» і павучаньняў («Ізмарагд», «Залатавуст», «Златы ланцуг» і інш.). «Дамастрой» служыў расейскаму грамадзтву маральным кодэксам. У сярэдзіне XVI ст. перапрацаваны набліжаным маладога цара Івана IV Васільевіча пратапопам Сільвэстрам, які завяршыў выкладаньне «Дамастрою» пасланьнем да свайго сына Анфіма. Утрымоўвае каштоўныя зьвесткі аб сацыяльным укладзе ў Маскоўскай дзяржаве, дае падрабязнае апісаньне паўсядзённага жыцьця радавітага баярства і купецтва з мноствам бытавых падрабязнасьцяў. Напісаны ў большай сваёй частцы жывой мовай, месцамі ўпрыгожаны прыказкамі і прымаўкамі.
Гэта — накід артыкула па гісторыі Расеі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |