Віртуальная супольнасьць

Віртуальная супольнасьць

Вызначэньне панятку рэдагаваць

Дасьледчыкі сусьветнага сеціва й адносінаў, што складваюцца паміж людзьмі праз пасрэдніцтва кампутараў, адзначаюць павелічэньне папулярнасьці віртуальных супольнасьцяў. Гэта пацьверджана дасьледаваньнямі, паводле якіх 84 % карыстальнікаў сеціва мелі досьвед кантактаў альбо ўдзелу ў віртуальных супольнасьцях, і назіраецца сталае павелічэньне гэтага адсотку[1]. Аднак сам тэрмін “віртуальная супольнасьць” мае амаль столькі азначэньняў, колькі існуе дасьледчыкаў. Віртуальная супольнасьць разумеецца як “група асобаў, якія знаходзяцца ў стане ўзаемадзеяньня адзін з адным, каардынуюць і ўзгадняюць сваю супольную дзейнасьць пры дапамозе Інтэрнэт-тэхналёгіяў”[2]. Некаторыя дасьледчыкі падкрэсьліваюць і выдзяляюць асобна камэрцыйны бок гэтай зьявы, як у азначэньні Элісы Портэр, дзе віртуальная супольнасьць вызначаецца як “збор індывідаў альбо бізнэс-партнэраў, якія узаемадзейнічаюць паводле супольнага інтарэсу, дзе ўзаемадзеяньне хоць часткова падтрымліваецца й/альбо ажыцьцяўляецца пры пасрэдніцтве тэхналёгіі й накіроўваецца пратаколамі ці нормамі”[1]. Неабходна падкрэсьліць, што “ў віртуальныя супольнасьці ўключаюцца ўсе вымярэньні грамадзтва: эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя і культурныя”[3]. Джэні Прыс, Хадзія Абрас і Дайэнэ Мэлані-Крыхмар выдзяляюць тры складовыя, наяўнасьць каторых дазваляе канстатаваць існаваньне віртуальнай групы*: ‘мэта’, якая апасродавана ‘тэхналёгіяй’ і накіроўваецца ‘стратэгіямі’[4]. А вось Яўгенія Ковачэва й Піт Коммэрс лічаць, што “віртуальная супольнасьць – гэта група людзей, якія сустракаюцца разам у кібэр-прасторы і для гэтай групы характэрны чатыры складнікі: людзі й тое, як яны камунікуюць; мэта камунікацыі і патрэбы; стратэгіі, што кіруюць паводзінамі людзей, і самыя паводзіны; праграмнае забесьпячэньне”[5].

Віртуальныя супольнасьці ўкладваюцца ў парадыгму сеткавага грамадзкага ладу, для якога характэрны непасрэдныя й роўнапраўныя сувязі паміж усімі індывідамі, а гэта «зьяўляецца вызначальнай якасьцю сеткавага грамадзтва і дае ўсім асобам, што ў гэтым удзельнічаюць, такі прырост дзеяздольнасьці, ад якога немагчыма адмовіцца». Менавіта, у такіх супольнасьцях, дзе камунікацыя апасродкавана кампутарам, лягчэй рэалізавацца сеткавым сувязям, якія паступовая замяшчаюць дамінуючыя раней герархічныя і рынкавыя. Аднак Маартэн дэ Лаат пасьля аналізу сеткі сацыяльных сувязяў віртуальных супольнасьцяў лічыць, што «ўзоры ўзаемадзеяньня паміж сябрамі такой сеткі зьяўляюцца досыць цэнтралізаванымі, усе сябры ўяўляюць штосьці накшталт халадца вакол найбольш актыўных сябраў». Аднак такія адносіны, дзе нейкі вузел (умоўна) зьяўляецца больш канцэнтраваным, усё роўна не адмаўляюць сеткавых сувязяў паміж усімі элемэнтамі.

У дадатак да віртуальных супольнасьцяў А. Парынаў вылучае сеткавыя арганізацыі, адрозьненьне якіх палягае ў “існаваньні паміж сябрамі арганізацыі дастаткова жорсткага ўзгадненьня іх сумеснай дзейнасьці”[8]. Але гэта не зьяўляецца такім істотным чыньнікам, каб выдзяляць асобна сеткавыя арганізацыі, якія цалкам укладаюцца ў панятак віртуальнай супольнасьці, як больш шырокай канструкцыі, што бачна з вышэй пералічаных азначэньняў віртуальных супольнасьцяў.

Неабходна падкрэсьліць, што падобныя групы не абмяжоўваюцца існаваньнем у віртуальнай прасторы. “Камунікацыя амаль ніколі не абмяжоўваецца толькі адным асяроддзем”[9], а людзі заўсёды выбіраюць найбольш зручны сродак на момант патрэбы ў камунікацыі, таму віртуальныя супольнасьці могуць пераходзіць у рэальныя, і наадварот. Асноўнае адрозьненьне віртуальных супольнасьцяў гэта выкарыстаньне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналёгіяў, празь якія рэалізуецца ўзаемадзеяньне, а яно можа быць сынхронным, як у чатах у рэжыме рэальнага часу, альбо ў сыстэме імгненнай перадачы паведамленьняў, так і асынхронным, як на дошцы абвестак, форумах і г.д. Віртуальныя группы могуць задзейнічаць сынхронную, асынхронную і зьмешаную форму ўзаемадзеяньня.

Такім чынам, вялікая колькасьць азначэньняў віртуальнай супольнасьці - Хіллары было выяўлена 94 варыянты[1] - ня можа не спрыяць існаваньню мноства тыпалёгіяў гэтай зьявы. Так, некаторыя дасьледнікі бяруць да ўвагі тэхналягічны бок, плятформу камуікацыі і выдзяляюць супольнасьці, якія карыстаюцца электроннай дошкай абвестак (bulletin boards), віртуальныя дыскусійныя пляцоўкі (chat rooms), тэлеканфэрэнцыі, форумы і інш. Іншыя бяруць пад увагу сацыялягічны аспэкт функцыянаваньня віртуальнай прасторы й выдзяляюць невялікія групы і сеткі, альбо адзначаюць важкасьць месцазнаходжаньня й падзяляюць віртуальную й рэальную прастору. Таксама досыць распаўсюджаны тыпалёгіі паводле інтарэсу, аднак гэтыя тыпалёгіі могуць мець бясконцую колькасьць складнікаў. Дасьледчыкі бізнэс адносінаў падзяляюць супольнасьці паводле мэты, як, напрыклад, фармаваньне прыбытку, альбо якім чынам забясьпечваюцца патрэбы кліентаў. Эліса Портэр прапанавала ўнівэрсальную тыпалягізацыю віртуальных супольнасьцяў, якая дазваляе найбольш шырока ахапіць усе віртуальныя супольнасьці й не выключае астатніх падыходаў. Яна выдзяляе супольніцтвы, якія створаны самімі сябрамі, і тыя, якія закладзены і спансуюцца арганізацыямі. У сваю чаргу створаныя сябрамі супольнасьці падзяляюцца на сацыяльныя і прафэсійныя, а спансаваныя арганізацыямі на камэрцыйныя, некамэрцыйныя й ўрадавыя[1].

Прычыны ўзьнікненьня віртуальных супольнасьцяў рэдагаваць

Што тычыцца прычынаў узьнікненьня віртуальных групаў, яны могуць залежаць выключна ад індывідуальнай матывацыі, таму што “дасягненьне індывідуальных мэтаў магчымае толькі праз стварэньне сацыяльных групаў”[10], аднак розныя бар’еры, напрыклад, у выпадку людзей з фізычнымі недахопамі, фінансавымі абмежаваньнямі і г.д., не дазваляюць рэалізаваць патрэбу ў камунікацыі праз непасрэдны face-to-face кантакт і на дапамогу прыходзіць Інтэрнэт, які значна палягчае стварэньне такіх супольнасьцяў і дазваляе не губляць час на фізычны кантакт[11]. Таксама гэтая зьява можа разглядацца як вынік непарыўнага працэсу разьвіцьця й эвалюцыі грамадзтва: “перадумовы фармаваньня супольнасьцяў у сеціве зьвязаны, зноў такі, з працэсамі ўрбанізацыі, глябалізацыі ўсіх сацыяльных працэсаў, а таксама, з унутраннымі псыхалягічнымі матывамі й сацыяльнымі патрабаваньнямі сучаснага чалавека, сфармаванага ў працэсе глябальных сацыяльных працэсаў”[3], альбо разьвівацца як “эфэкт замешчаных зносінаў”[12], калі індывід у час інтэрнэт-камунікацыі хаваецца пад маскай іншай уяўнай асобы, што дазваляе асобе разьняволіцца і выявіць стрымліваемыя памкненьні, пры гэтым А. Левін і Л. Левіна сьцьвярджаюць, “што практычна ўся сеткавая камунікацыя пабудавана на ім (эфэкце замешчаных зносінаў) ” [12]. Але, напрыклад, навуковыя супольнасьці, ці адукацыйныя, дзе ёсьць патрэба дакладнай ідэнтыфікацыі асобаў, што ўзаемадзейнічаюць, наадварот, не адпавядае гэтаму выказваньню.

Мэтады дасьледаваньня рэдагаваць

Пры дасьледаваньнях віртуальных супольнасьцяў выкарыстоўваюцца розныя мэтады ў залежнасьці ад таго, які аспэкт дзейнасьці дасьледчык акцэнтуе. Лора Гартан, Кэралін Гэйтарнсвэйт і Бэрры Ўэлман лічаць, што “ў выпадку, калі кампутарная сетка злучае людзей, атрымліваецца сацыяльная сетка, рэалізаваная праз пасрэдніцтва кампутара”[13], таму пры яе дасьледаваньнях яны выкарыстоўваюць аналіз сеткі сацыяльных сувязей (social networks analysis), які дазваляе выявіць узоры ўзаемадзеяньняў паміж людзьмі ў такіх сетках, размеркаваньне плыняў інфармацыі, уплыў гэтых адносінаў і сетак на людзей і дзейнасьць арганізацыяў. Выяўляецца, што пры зьмяншэньні ўплыву сыцыяльных роляў, сувязі апасродкаваныя кампутарам дазваляюць прыцягнуць больш шырокі спэктар удзельнікаў і пашырыць сам удзел у камунікацыі. Для правядзеньня гэтага аналізу інфармацыя зьбіраецца праз анкетаваньні, інтэрв’ю, дзёньнікі, назіраньне і кампутарны маніторынг, што шырока распаўсюджваецца ў апошні час. Аднак на маю думку, досыць цяжка вызначыць паводле гэтага мэтаду, чаму адна віртуальная супольнасьць зьяўляецца больш пасьпяховай, чым іншая. Асноўнай мэтай такога падыходу ёсьць “вывучэньне ўзораў узаемадзеяньня паміж сябрамі супольнасьці і якасьці гэтай камунікацыі”[7]. Такі падыход дае агульныя ўяўленьні аб прыродзе віртуальных супольнасьцяў і не прымае да ўвагі тэхналягічны чыньнік, які ёсьць вызначальным пры фармаваньні, менавіта, віртуальнай супольнасьці. Аднак Дж. Прыс, Х. Абрас і Д. Мэлоні-Крыхмар сьцьвярджаюць, што “насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, выкарыстаньне сучасных тэхналёгіяў не абавязкова зьяўляецца прычынай посьпеху віртуальнай супольнасьці” [4].

Менавіта таму выкарыстоўваецца этнаграфічны падыход, які дазваляе правесьці шматузроўневы, глыбінны аналіз. Этнаграфічнае дасьледаваньне прымае да ўвагі аспэкты ўзаемадзеяньня культуры і дазваляе зазірнуць у супольнасьць знутры. Ен выкарыстоўвае такія мэтады дасьледаваньня як назіраньне, інтэрвію і дасьледаваньне архіваў. У апошні час этнаграфічны падыход набывае ўсё большую папулярнасьць сярод дасьледчыкаў сеціва. Аднак асноўным недахопам гэтага мэтада зьяўляецца тое, што ён патрабуе шмат часу і высілкаў, неабходных для грунтоўнага й добраякаснага аналізу й назіраньня, каб атрымаць глыбокае разуменьне сацыяльных узаемадзеяньняў і ролю тэхналёгіяў у станаўленьні і функцыянаваньні віртуальнай супольнасьці.

Для аналізу віртуальных супольнасьцяў выкарыстоўваецца таксама эўрыстычны мэтад. Для яго рэалізацыі не патрабуецца памяшканьне, абсталяваньне альбо непасрэдны кантакт з карыстальнікамі. Таксама моцным бокам аналізу лічыцца тое, што дасьледчык робіць аналіз з пункту гледжаньня карыстальніка. Такім чынам парады, якія ён можа прадаставіць распрацоўшчыку рэсурса, улічваюць і ўлучаюць пажаданьні карыстальніка. Віртуальная супольнасьць – гэта нешта большае за праграмнае забесьпячэньне. Яна разьвіваецца ў адпаведнасьці з тым, як яе сябры ўзаемадзейнічаюць міжсобку, пры гэтым выкарыстоўваюць праграмнае забесьпячэньне для падтрыманьня такога ўзаемадзеяньня [4]. Менавіта таму для распрацоўкі і ацэнкі ВС неабходна ўлічыць два аспэкты: зручнасьць і простасьць карыстаньня і магчымасьць сацыялізацыі(sociability). Дж. Прыс, С. Абрас, Д. Мэлані-Крыхмар лічаць, што эўрыстычныя мэтады дазваляюць выявіць і зразумець фактары пасьпяховасьці віртуальных супольніцтваў.

  • У тэксце тэрмін “віртуальная група” выкарыстоўваецца ў якасьці сіноніму “віртуальнай супольнасьці”.

Літаратура рэдагаваць