Брагін (мэтэарыт)
Брагін — мэтэарыт агульнай вагай 853 000 грамаў, выпаў у выглядзе мэтэарытнага дажджу. Таксама вядомы пад назвамі: Крукі, Менск, Ракіцкі, Камарынскі. Прыналежыць да рэдкага тыпу жалезакаменных мэтэарытаў — паласітам. Час падзеньня невядомы. Але ёсьць меркаваньне, што гэта адбылося менш за тысячу гадоў таму.
Брагін (мэтэарыт) | |
Месца знаходкі альбо падзеньня: | Гомельская вобласьць, Брагінскі раён |
---|---|
Час выяўленьня | 1807 год |
Маса, кг | 857,6 |
Тып | Pallasite P MG |
Месца захаваньня | Асноўная частка ў музэі геалёгіі Беларусі |
Дадатак | Найбуйнейшы мэтэарыт у Беларусі |
Аскепкі
рэдагавацьПад мэтэарытам Брагін вядомая цэлая група мас, знойдзеных у розны час, але прыкладна ў адной мясцовасьці, прычым усе аскепкі маюць аднолькавую структуру і хімічны склад. Таму ёсьць падставы меркаваць, што тут некалі выпаў магутны дождж паласітаў. На працягу 1807—1982 гадоў было знойдзена 13 экзэмпляраў агульнай вагай 857,6 кг. Сёньня час ад часу знаходзяцца новыя экспанаты рознай вагі й якасьці.
Плошча, ў межах якой знаходзілі кавалкі мэтэарыту мае форму даўгакруга. Яна выцягнута прыкладна на 15 кілямэтраў у шыротным кірунку і прыкладна 30 кілямэтраў па даўжыні.
Гісторыя знаходак
рэдагавацьПершая знаходка мэтэарыту Брагін была зроблена ў 1807 годзе. Адначасова былі знойдзены два экзэмпляры каля ўрочышча Куцоўка ля вёскі Капоранкі Брагінскага раёну. Абодва аскепкі былі знойдзеныя сялянамі ўказанай вёскі на пяшчаных узгорках сярод балотаў, на адлегласьці «каля ста сажняў адно ад аднога». Напрыканцы XIX стагодзьдзя за 2—3 кілямэтры на ўсход ад мястэчка Крукі Брагінскага раёну быў знойдзены трэці экзэмпляр вагою 182 кг. У пачатку XX стагодзьдзя ў ваколіцах першых знаходак было знойдзена яшчэ два экзэмпляры. Адзін зь іх, выцягнуты пры капаньні калодзежа, быў згублены, а другі захоўваецца ў калекцыі Расейскай акадэміі навук.
У 1927 годзе зь вёскі Калыбань Брагінскага раёну паступіла яшчэ два ўзоры, масай 543 і 340 грамаў. У 1937 годзе за паўкіламэтру на паўднёвы ўсход ад вёскі Крукі пры капаньні канавы была знойдзена на глыбіні 120 см самая вялікая з усіх знойдзеных частак, вагою 270 кіляграмаў. Нарэшце, у 1938 годзе за 2 км на ўсход ад вёскі Капоранка пры капаньні гліны на глыбіні 30—40 сантымэтраў быў знойдзены яшчэ адзін мэтэарыт вагою 16 кг. Абодва апошнія экзэмпляры захоўваліся ў Інстытуце геалёгіі Акадэміі навук Беларусі, але былі зьнішчаныя немцамі падчас акупацыі Менску.
Былі знойдзены і іншыя экзэмпляры дадзенага метэарыту, але яны былі згубленыя альбо пазьбеглі рэгістрацыі.
Хімічны склад
рэдагавацьПрыкладна на 50% мэтэарыт Брагін складаецца з жалеза, каля 3% займае нікель, усё астатняе — алівін, аналяг зямнога хрызаліту.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьБрагін (мэтэарыт) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў