Бачнае выпраменьваньне
Бачнае выпраменьваньне або сьвятло[1] — электрамагнітныя хвалі, якія ўспрымае вока чалавека, і якія займаюць ўчастак электрамагнітнага спэктру з даўжынёй хвалі прыблізна ад 380 (фіялетавы) да 750 нм (чырвоны) (індывідуальныя межы ўспрыманьня крыху вагаюцца для кожнага чалавека). Такія хвалі займаюць частотны дыяпазон ад 400 да 790 ТГц.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/0b/Dispersive_Prism_Illustration_by_Spigget.jpg/300px-Dispersive_Prism_Illustration_by_Spigget.jpg)
Найбольшую адчувальнасьць да сьвятла чалавечае вока мае ў вобласьці 555 нм (540 ТГц), у зялёнай частцы спэктру. У спэктры ўтрымліваюцца ня ўсе колеры, якія адрозьнівае чалавечы мозг. Такіх адценьняў, як ружовы або маджэнт, няма ў спэктры бачнага выпраменьваньня, яны ўтвараюцца ад зьмешваньня іншых колераў.
Бачнае выпраменьваньне таксама трапляе ў «аптычнае акно» — вобласьць спэктра электрамагнітнага выпраменьваньня, што практычна не паглынаецца зямной атмасфэрай. Што тычыцца расьсейваньня, блакітнае сьвятло расьсейваецца на неаднароднасьцях атмасфэры мацней, чым сьвятло з большымі даўжынямі хваляў (у чырвоны бок спэктру), і таму дзённае неба выглядае блакітным.
Спэктар бачнага выпраменьваньня
рэдагавацьКолер | Дыяпазон даўжынь хваляў, нм | Дыяпазон частасьцяў, ТГц | Дыяпазон энэргіі фатонаў, эВ |
---|---|---|---|
Фіялетавы | 380—440 | 790—680 | 2,82—3,26 |
Сіні | 440—485 | 680—620 | 2,56—2,82 |
Блакітны | 485—500 | 620—600 | 2,48—2,56 |
Зялёны | 500—565 | 600—530 | 2,19—2,48 |
Жоўты | 565—590 | 530—510 | 2,10—2,19 |
Аранжавы | 590—625 | 510—480 | 1,98—2,10 |
Чырвоны | 625—750 | 480—405 | 1,68—1,98 |
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Бачнае сьвятло або проста сьвятло ў вузкім сэнсе слова.
Бачнае выпраменьваньне — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў