Барысаўскі галодны бунт (1932)
Бары́саўскі гало́дны бунт (7—9 красавіка 1932 году) — антысавецкі выступ працоўных Барысава.
Вынікам абвесткі 5 красавіка 1932 году пра зьмяншэньне нормаў на хлеб і зьняцця з забесьпячэньня дзяцей працоўных і служачых 3-й катэгорыі 7 красавіка ў Барысаве адбыўся стыхійны мітынг. Праз два дні намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка (ПП) АДПУ па БССР Дукельскі і загадчык сакрэтна-палітычнага аддзела ПП АДПУ па БССР Зубрыцкі паведамлялі: «7-го апреля как в самом городе, так и в пригороде Ново-Борисов последовали массовые выступления преимущественно женщин, в результате чего была разгромлена хлебная лавка и расхвачен хлеб из двух повозок, следовавших к хлебным магазинам. Со стороны наводнивших улицы толп женщин и частично мужчин количеством от 300 до 500 человек раздавались антисоветские выкрики и призывы[1] вроде: „Бей всех советских бл…дей“[2]».
Гарадзкія чыноўнікі страцілі кантроль над горадам. Міліцыянты спачувальна адносіліся да пратэстуючых. Некаторыя ўрадоўцы паўцякалі[1].
Пратэстуючыя неаднаразова зьвярталіся па паратунак да вайскоўцаў. У Барысаве стаялі 7-ы конна-артылерыйскі і 4-ы стралковы палкі. Пад час бойкі зь міліцыяй працоўныя крычалі вайскоўцам: «Бараніце рабочых, ім не даюць хлеба, саджаюць у турму»[2].
Напрыканцы дня найбольш актыўных пратэстоўцаў арыштавалі. Уночы хлеб быў разьвезены па крамах. 8 красавіка хваляваньні і рабункі хлебных крамаў аднавіліся. Працоўныя шэрагу прадпрыемстваў ня вышлі на працу. Пад час выступу сакратара Барысаўскага райкаму Тамашэўскага абураныя жанчыны выкрыквалі: «Чаму нашым дзецям не даюць хлеба, чым яны горш за іншых?!», «Чаму забясьпечваецца Чырвоная Армія, жонкі камсастава, якія нічога не робяць?!», «Згубілі нас!» і г. д. Падчас прамовы Тамашэўскага адзін з рабочых заклікаў натоўп зьбіць яго, але быў арыштаваны. Людзі патрабавалі яго вызваленьня, але гэта не было зроблена[2].
У той самы дзень барысаўскім рабочым на цэхавых сходах было абвешчана, што дзеці аднаўляюцца на цэнтралізаваным забесьпячэньні і будуць атрымліваць 200 грам хлеба.
9 красавіка каля хлебных крамаў ізноў зьбіраліся натоўпы, пераважна з жанчын. Аднак колькасьць выступоўцаў зьмяншалася. Каля крамаў ўвесь час дзяжурылі міліцыянты і дружыньнікі-камуністы. Было зафіксавана толькі тры спробы расхопу хлеба.
10 красавіка выступы сьціхлі.
Бунт у Барысаве, на думку ДПУ і РК КП(б)Б, адбыўся з-за наступных чыньнікаў:
- Першы і, безумоўна, самы галоўны — зьмяншэньне і без таго мізэрных нормаў выдачы хлеба, і асабліва — зьняцьце з цэнтралізаванага забесьпячэньня дзяцей рабочых і служачых 3-й катэгорыі (найменш важнай, з пункту гледжаньня дзяржавы). Апошні факт выклікаў асаблівае абурэньне людзей.
- Адсутнасьць на працягу 5—6 красавіка дастатковай «тлумачальнай» работы і агітацыі з боку партыйных і савецкіх арганізацыяў.
- Дрэнная праца барысаўскай міліцыі.
- Нерашучасьць, пасіўнасьць і «трусасьць», праяўленая з боку асобных камуністаў, савецкіх работнікаў і каапэратыўных арганізацыяў, у прыватнасьці, ЦРК.
- Адсутнасьць у Барысаве шэрагу работнікаў райкаму і раённых арганізацыяў, якія выехалі ў вёску на правядзеньне агітацыйных кампаніяў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Уладзімір Давыдоўскі. Галадамор у Беларусі (1932—1934 гг.) // Абажур №3 (72), 2008. С. 53 [1]
- ^ а б в Ізноў пра галодны бунт на borisov-e.info