Бабінавіцкая кераміка

Бабінавіцкая кераміка — ганчарныя вырабы зь вёскі Бабінавічы Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці. Промысел узьнік у старажытнасьці, найбольшага разьвіцьця дасягнуў у XIX — 1-й палове XX ст. Выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку. З пачатку XX ст. набылі пашырэньне вырабы, аздобленыя размалёўкай сьветла-жоўтым ангобам у выглядзе завіткоў, кропак, парасткаў, паліваныя ўсярэдзіне і звонку бясколернай палівай. Акрамя гаспадарчага посуду (збанкі, гаршкі, спарышы, міскі, слоікі) майстры А. Траяноўскі, М. Шчадзінскі, А. Рыжкоў і іншыя выраблялі ўтылітарна-дэкаратыўны (цукарніцы, цукерачніцы, масьлёнкі) і фігурны посуд у выглядзе жывёл, а таксама цацкі, скарбонкі, попельніцы зь лепкай. У наш час выраб традыцыйныйнага асартымэнту посуду і цацак працягваецца.