Ангельска-занзыбарская вайна

Ангельска-занзыбарская вайна — узброены канфлікт між Злучаным Каралеўствам і Занзыбарскім султанатам, які адбыўся 27 жніўня 1896. Вайна цягнулася 38—45 хвілінаў, стаўшы найкарацейшай вайной у гісторыі[3]. Непасрэднай прычынай стала сьмерць прабрытанскага султана Хамад ібн Тувайні 25 жніўня 1896 і ўзыход на сталец Халіда ібн Баргаша. Брытанскія ўлады разьлічвалі, што новым султанам стане больш ляяльны Хамуд ібн Мухамад. Паводле дамовы 1886 року на атрыманьне пасады султана патрабаваўся дазвол брытанскага консула, чаго ў выпадку з Халідам не было зроблена. Гэта факт і стаў casus belli, пасьля якога брытанцы выставілі ультыматум з патрабаваньнем да Халідавых войскаў сысьці з султанавага палацу. У адказ Халід ібн Баргаш склікаў сваю гвардыю і забарыкадаваўся ўнутры.

Ангельска-занзыбарская вайна
Разбор Афрыкі
Султанаў гарэм пасьля бамбаваньня
Дата: 27 жніўня 1896
Месца: Каменны горад, Занзыбарскі султанат
Вынік: перамога брытанцаў
Супернікі
Сьцяг Вялікабрытаніі Злучанае Каралеўства Занзыбар
Камандуючыя
Колькасьць
Наземныя:
1050
Марскія:
3 крэйсэры
2 кананэркі
Наземныя:
2800
4 гарматы
1 берагавая артылерыя
Марскія:
каралеўская яхта HHS Glasgow
2 баркасы
Страты
1 паранены[1]500 забітыя ці параненыя[2]
HHS Glasgow затоплены
2 чоўны затопленыя
1 берагавая артылерыя зьнішчаная

Тэрмін ультыматыму скончыўся а 9 гадзіне 27 жніўня паводле мясцовага часу. Да гэтай пары брытанцы сабралі ў затоцы тры крэйсэры, дзьве кананэркі, 150 марпехаў і маракоў, 900 занзыбарцаў. Палац султана абаранялі каля 2800 занзыбарцаў, па большасьці набраных з цывільнага насельніцтва, а таксама гвардыі, слугаў і рабоў. Абаронцы мелі некалькі гарматаў і кулямётаў. Каралеўскім флётам камандаваў контрадмірал Гары Роўсан, занзыбарскую абарону ўзначальваў брыгадны генэрал арміі Лойд Мэт’юз, першы міністар Занзыбару. У 09:02 брытанцы пачалі бамбаваньне палацу, падпалілі яго і абясшкодзілі артылерыю. На моры адбылася сутычка, у якой брытанцы патапілі каралеўскую яхту занзыбарцаў HHS Glasgow і дзьве меншыя судзіны. У 09:40 перастрэлка спынілася, калі з палацу быў скінуты занзыбарскі сьцяг.

Войскі султана Халіда страцілі 500 чалавек забітымі і параненымі, у брытанцаў быў паранены толькі адзін марак. Халід атрымаў прытулак у нямецкім консульстве, адкуль пасьля зьбег у Нямецкую Ўсходнюю Афрыку (тэрыторыя цяперашняй Танзаніі). Брытанцы хутка паставілі на чале марыянэткавага ўраду султана Хамуда. Ад гэтага часу скончыў існаваньне сувэрэнны Занзыбарскі султанат і пачаўся пэрыяд пад брытанскім кантролем.

  1. ^  Hernon, Ian Britain’s Forgotten Wars: Colonial Campaigns of the 19th Century. — Stroud, Gloucestershire: Sutton Publishing, 2003. — ISBN 978-0-7509-3162-5
  2. ^  Bennett, Norman Robert A History of the Arab State of Zanzibar. — London: Methuen Publishing, 1978. — ISBN 978-0-416-55080-1
  3. ^ Guinness World Records 2008 / Craig Glenday. — London: Guinness World Records, 2007. — С. 118. — ISBN 978-1-904994-19-0

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Ангельска-занзыбарская вайнасховішча мультымэдыйных матэрыялаў