Айзсаргі
Айзсаргі — латыская ваенізаваная арганізацыя, што дзейнічала ў 1919—1940 роках.
Айзсаргі былі ўтвораныя на ўзор фінскай ваенізаванай арганізацыі «Suojeluskunta» загадам ад 20 сакавіка 1919 року як арганізацыя самаабароны ў сельскай мясцовасьці. На пачатку дзейнасьці чальцы арганізацыі выконвалі функцыі дапаможных сілаў паліцыі ды войска. Айзсаргі, што жылі ў памежнай зоне, несьлі дапаможную памежную службу. У арганізацыю прымаліся мужчыны ад 20 да 60 рокаў любой нацыянальнасьці.
У 1921 року ў сувязі з заканчэньнем ваенных дзеяньняў арганізацыя была перафармаваная ў грамадзкую. Яе найвышэйшым органам зьяўлялася Выбарнае кіраўніцтва, што абіралася Кангрэсам. Статут ад 26 жніўня 1923 року вызначыў, што паводле мэтадаў дзеі арганізацыя падпарадкоўваецца Міністэрству ўнутраных справаў, а ў выпадку вайны як апалчэньне — вайсковаму міністэрству. Дзейнасьць айзсаргаў вызначалася згодна з інструкцыямі Міністэрства ўнутраных справаў. Юрыдычны статус арганізацыі вызначаў:
- Закон аб арганізацыі Айзсаргі (1936)
- Статут Міністэрства грамадзкіх справаў, трэці пункт часткі пра статус арганізацыі Айзсаргі (1937)
- Інструкцыя міністра юстыцыі міністра грамадзкіх справаў пра статус арганізацыі Айзсаргі (1937)
- Правілы аб структуры арганізацыі Айзсаргаў, абавязкі, правы й навучаньне чальцоў арганізацыі (1938)
Арганізацыя была распушчаная 23 чэрвеня 1940 року. 80% камандзіраў айзсаргаў было рэпрэсавана. Падчас барацьбы нацыянальных партызанаў улетку 1941 значную частку зь іх складалі былыя чальцы арганізацыі. Пасьля захопу тэрыторыі Латвіі Вэрмахтам колішнія айзсаргі ўвайшлі ў склад паліцэйскіх батальёнаў. Да 1943 року было мабілізавана 20 батальёнаў. У лютым 1944 року выйшаў загад аб афіцыйнай аднове арганізацыі, хаця гэта было зроблена толькі 22 ліпеня. Да пачатку 1945 року арганізацыя фактычна прыпыніла існаваньне.