Ілюзія страху
«Ілю́зія стра́ху» (па-расейску: Иллюзия страха) — фільм украінскага кінарэжысэра Аляксандра Кірыенкі, зьняты па матывах аднайменнага твору Аляксандра Турчынава. Прэм’ера ва Ўкраіне і Расеі адбылася 4 сьнежня 2008 року.
Ілюзія страху | |
Иллюзия страха | |
Жанр | трымценьнік |
---|---|
Рэжысэр | Аляксандар Кірыенка |
Сцэнарыст |
|
Прадусар |
|
У ролях | |
Кампазытар | Зьвіяд Балквадзэ |
Апэратар | Сяргей Міхальчук |
Вытворчасьць | Аврора Продакшн |
Дата выхаду | 2008 |
Працягласьць | 79 хв. |
Краіна | Украіна |
Мова | расейская |
Бюджэт | 0,5 млн $ |
Старонка на IMDb |
Сюжэт
рэдагавацьГісторыя пасьпяховага бізнэсоўцы Ігара Кораба, які павінен абараняць свой бізнэс у складаных умовах 1990-х рокаў. Ігар становіцца ахвяраю злачыннага «наезду»: яго незаконна арыштоўваюць, кідаюць у сьледчы ізалятар, жорсткімі мэтадамі змушаюць адмовіцца ад праекту бізнэс-цэнтру. Апынуўшыся на волі, Ігар клянецца любой цаной вярнуць правы ўласнасьці на гэты праект і адпомсьціць крыўдзіцелям.
Пасьля цяжкіх фізычных і псыхалягічных выпрабаваньняў Корабу пачынае здавацца, што ён жыве паралельным жыцьцём у асобе іншага чалавека — а менавіта легендарнага біблійнага цара Саламона. Заблытаўшыся і не разумеючы, што рэальна, а што не, Ігар Кораб перастае давяраць нават найлепшым сябрам. Цяпер, пад уплывам абставінаў, ён мусіць хутка вызначыць хісткую мяжу між рэчаіснасьцю й ілюзіяй, між сябрамі і ворагамі, між сапраўдным жыцьцём і мроямі.
У ролях
рэдагаваць- Андрэй Панін — Ігар Кораб / Цар Саламон / Гарык
- Алена Бабенка — жонка Ігара / жонка Саламона / жонка Гарыка
- Аляксей Пятрэнка — Пятроўскі / просьбіт
- Аляксей Гарбуноў — маёр
- Ігар Яцко — капітан
- Давід Бабаеў — лекар Саламона
- Інга Аболдзіна — сьведка
- Віталь Лінецкі — зэк
- Аляксандар Семчаў — Пянькоўскі, царадворац
- Сяргей Гармаш — пракурор / дарадчык Саламона
- Аляксей Зубкоў — Мармазін
- Віктар Сарайкін — ахоўнік Кораба / ахоўнік Саламона
- Алег Масьленікаў — Д’ячэнка
- Ганна Завальская — дачка Гарыка
- Мікіта Навуменка — хлопчык
Адрозьненьні ад кнігі
рэдагаваць- у кнізе галоўнага героя зваць Аляксандар Іванавіч Кораб, у фільме — Ігар Аляксандравіч Кораб.
- у фільме пасьля вызваленьня зь вязьніцы, Кораб забівае ўсіх сваіх канкурэнтаў і суўладальнікаў, падазраючы іх у арганізацыі ягонага затрыманьня. У кнізе такога няма.
- у фільме шмат эпізодаў-сноў Кораба, дзе ён уяўляе сябе царом Саламонам, які ўсталёўвае балвана бога Молаха і прыносіць яму чалавечую ахвяру. У кнізе ёсьць толькі невялікі эпізод, дзе Кораб бачыў сны, у якіх ён выступаў у абліччы ня толькі Саламона, але й іншых гістарычных постацей.
- у фільме сябар Кораба, Гарік, выявіўся самім Корабам, але з альтэрнатыўнага сьвету, у якім сам Кораб — не бізнэсовец, а небагаты мастак. У кнізе Гарык — памерлы школьны сябар Кораба, які шмат гадоў быў плодам ягонага ўяўленьня і зьнік пасьля таго, як Кораб гэта ўсьвядоміў.
- у фільме адсутны пэрсанаж Іван Сьветаў, якому ў кнізе адведзеная істотная роля — дапамагчы Корабу разабрацца ў ягоных ілюзіях і страхах.
- у фільме прычынаю ілюзій і галюцынацыяў Кораба стаў праклён, які наклала на яго адна з мацярок памерлых дзяцей, якія загінулі пасьля таго, як Кораб зруйнаваў дзіцячую лякарню, каб збудаваць на ейным месцы «Мэгацэнтар». У кнізе ўсе ілюзіі і галюцынацыі Кораба былі ягоным сном, спрычыненым асабістымі страхамі.