Айаевыя

(Перанакіравана з «Daubentoniidae»)

Айаевыя (Daubentoniidae) — сямейства клясы сысуноў, якое ўключае 1 сучасны род і 1 сучасны від[1]. Насяляе толькі Мадагаскар. Ай-ай малагасійскі (Daubentonia madagascariensis) можна знайсьці ў самых розных асяроддзях, уключаючы трапічныя лясы, шыракалістыя лясы, культурныя плянтацыі, а часам і сухія хмызьняковыя і мангравыя лясы. Ай-ай гіганцкі (Daubentonia robusta) жыў на Мадагаскары, здаецца вымер ≈ 1000 гадоў таму, быў вельмі падобным на D. madagascariensis, але ў 2–2,5 раза большым[2][3][4].

Айаевыя
Daubentonia madagascariensis — тыповы від
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы (Animalia)
ТыпХордавыя (Chordata)
ПадтыпХрыбетныя (Vertebrata)
НадклясаЧатырохногія (Tetrapoda)
КлясаСысуны (Mammalia)
ПадклясаЗьвяры (Theria)
ІнфраклясаПляцэнтарныя (Placentalia)
АтрадПрыматы (Primates)
ПадатрадStrepsirrhini
СямействаАйаевыя
Бінамінальная намэнклятура
Daubentoniidae
Gray, 1863

Ай-ай малагасійскі мае вагу ≈ 2 кг, даўжыню ад носа да хваста 360–440 мм, пухнасты хвост 500–600 мм. Галава круглявая. Вушы вялікія, трыкутныя. Валасяны полаг густы, грубы, цёмна-карычневага або чорнага колеру, з расьсеянымі белымі валасінкамі; твар і горла бледна-шэрыя. Вочы жоўта-аранжавыя або пясчана-карычневыя, акружаныя цёмнымі меткамі. Лыч кароткы, а нос ружовы. Плоцевы дымарфізм не заўважны. Пальцы вузка спэцыялізаваныя. Трэці палец рукі тонкі, падоўжаны і гнуткі; ён асабліва важны пры кармленьні. Зубная формула: 1/1, 0–1/0, 1/0, 3/3 = 18 або 20 зубоў. Разцы буйныя і пастаянна растуць[2][3][4].

Ай-ай малагасійскі начны і адзіночны і большую частку дня ён спіць у гняздзе высока на дрэве. Асобіны як правіла, спяць паасобку, але часам ай-аі могуць дзяліць гняздо, і гнязда могуць быць занятыя рознымі асобінамі ў розны час. Рацыён разнастайны, які складаецца з пладоў, арэхаў і расьлінаў. Бананы, плады хлебнага дрэва, плады канаріума, какосавыя арэхі — з’яўляюцца аднымі з улюбёных прадуктаў, але таксама ай-ай спажывае бамбук, нэктар, лічі і манга. Важным кампанентам рацыёну ёсьць розныя лічынкі. Зьнішчэньне асяроддзя пражываньня з’яўляецца асноўнай пагрозай для ай-ай на ўсім арэале[2][3][4].

Сыстэматыка рэдагаваць

Сямейства айаевыя (Daubentoniidae)

  • род Daubentonia — віды: D. madagascariensis, †D. robusta

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ The Mammal Diversity Database (анг.). American Society of Mammalogists. Праверана 09.11.2021 г.
  2. ^ а б в Dewey, T. (2008) Indriidae (анг.). Animal Diversity Web. Праверана 09.11.2021 г.
  3. ^ а б в Vaughan T., Ryan J., Czaplewski N. Mammalogy. — Jones & Bartlett Learning, 2011. — С. 175, 176. — 750 с. — ISBN 9780763762995 (анг.)
  4. ^ а б в Nowak R. M. Walker's Primates of the World. — JHU Press, 1999. — С. 92–94. — 224 с. — ISBN 0801862515 (анг.)