Цюркізмы ў беларускай мове

Цюркі́змы ў белару́скай мо́ве — словы або выразы, запазычаныя ў беларускую мову зь цюрскіх моваў.

Цюркізмы траплялі ў беларускую мову ў розныя гістарычныя пэрыяды нераўнамерна. Вылучаюць два храналягічна розныя пласты цюркізмаў: запазычаньні агульнаславянскага пэрыяду і запазычаньні пэрыяду самастойнае гісторыі беларускай мовы. Большасьць цюркізмаў трапіла на працягу XIV—XVII стагодзьдзяў у выніку беспасярэдных кантактаў беларускага насельніцтва з прадстаўнікамі цюрскіх народаў (найперш з крымскімі татарамі) і дзякуючы пасярэдніцтву суседніх моваў — польскай, расейскай, украінскай. Пачынаючы з часоў Гедыміна ўмацоўваюцца непасрэдныя кантакты гандлёва-эканамічнага і ваеннага характару між Вялікім Княствам Літоўскім і цюрскімі народамі, што насялялі прычарнаморскія стэпы. Літоўскія князі вялі дыпляматычнае ліставаньне з крымскімі ханамі, запрашалі татараў на службу ў войска, мелі ад іх падтрымку ў войнах. У Літве зьяўляюцца выспачкі татарскіх паселішчаў з дабраахвотных перасяленцаў, палонных, рамеснага і тарговага люду, які ўступаў у непасрэдныя моўныя сувязі зь мясцовым насельніцтвам. Мясцовыя жыхары запазычвалі з мовы татараў асобныя словы, якія зь цягам часу станавіліся агульнавядомымі і пачалі ўжывацца як лексічная норма беларускай літаратурнай мовы. З таго часу ў беларускай мове ўжываюцца цюркізмы побытавага характару (алмаз, аршын, атляс, барсук, барыш, кабала, казак, кайданы, капшук, каўпак, каптан, кілім, кумыс, курган, кутас, нагайка, саф’ян, султан, табар, тасьма, тафта, туман, уюк, хабар, харч, чапрак, шаравары, шацёр, юхт). Слоўнікі беларускай мовы фіксуюць таксама шэраг састарэлых цюркізмаў (апанча, армяк, казна, камка, кісьцень, таф’я). Некаторыя даўнія цюркізмы перайшлі ў разрад гістарызмаў (бунчук, есаул, калчан, мурза, сагайдак, тамга, янычар, ясак, ясыр).

Сярод лексікі, якая рознымі шляхамі запазычаная зь цюрскіх моваў, у асноўным вылучаюць:

  • найменьні асобаў паводле адміністрацыйных пасадаў, роду заняткаў, веравызнаньню, фізычным і духоўным якасьцям (атаман, басурман, гайдамак, гайдук, казак, калека, рахманы, улан, чабан, янычар, ясыр);
  • найменьні вопраткі, абутку і матэрыялаў для іх вырабу (апанча, армяк, атлас, башлык, бязь, кабат, каракуль, каўпак, каптан, кішэня, кунтуш, кутас, саф’ян, тасьма, тафта, халат, чобат, шаравары);
  • сельскагаспадарчыя, прыродазнаўчыя тэрміны (аер, алыча, атава, атара, байрак, баклажан, баран, баркун, барсук, беркут, бугай, буланы, бусел, гарбуз, кабан, кабачок, кавун, качан, куга, сазан, саранча, табун, таракан, тарпан, туман, тытунь, фундук, яр);
  • ваенныя тэрміны (барабан, булат, бунчук, дзіда, калчан, канчук, кінжал, кісцень, нагайка, палаш, сагайдак);
  • побытавыя словы (аркан, аршын, базар, бакалея, барыш, біклага, буры, бязмен, дыван, імбрычак, каберац, кава, кадык, кантар, капшук, кары, кілім, локшына, магарыч, саган, сургуч, сурма, тавар, тапчан, таўро, торба, харч, чапрак, чарга, чыгун, шчыгрын). Кожны беларус разумее ня меней як 2 тысячы цюрскіх словаў.

Адной з адметных рысаў цюрска-татарскіх словаў, ужываных у сучаснай мове, ёсьць сінгарманізм. Словы, якія сканчаюцца на -ан, -ун, -ук, -ык, -аш, марфалягічна непадзельныя.

Беларусы маюць утвораныя ад цюрскіх прозьвішчы, напрыклад: Кураш, Камай, Булгак, Бузук, Калдай, Кабак, Канчак, Даўляш, Букаты, Калган, Курбека, Кардаш, Салтан, Шабаш і інш.

З шматлікіх анамастычных найменьняў на мапе Беларусі вельмі частымі ёсьць утвораныя ад словаў татарын альбо турак: Татары, Татарская, Татарск, Татаршчына, Татарка, Татаршчызна, Татаркавічы, Татар’я й інш. Этнанімічная аснова татар- выяўляецца ў 14 геаграфічных назвах, якія служаць дзеля пазначэньня 47 населеных пунктаў. Ад назоўнікаў турак, туркі, якімі продкі беларусаў доўгі час называлі шматлікія цюрскія плямёны і народы, у Беларусі названыя таксама некалькі паселішчаў: Туркі, Туркаўская Слабада, Турчанка, Туркаўшчына, Турэц, Турак і інш. Сустракаюцца й іншыя тапонімы, утвораныя ад цюрскіх каранёў: Шайбакова, Чавусы, Орда, Баево, Карацак, Агдэмер, Баўбасава, Балашэвічы, Балажэвічы, Баштан, Мамайкі, Шайтэрава, Шарыба, Шарыбаўка, Туганы, Койданава, Бабаевічі, Булгары й інш.

Літаратура рэдагаваць

  • Беларуская мова: Энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал.: Б. І. Сачанка. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — 655 с. — 10 000 ас.
  • Булыка А. М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1999. — 5000 ас.
  • Бурак Л. І. Сучасная беларуская мова / пад рэд. Л. М. Шакуна. — Мінск: Вышэйшая школа, 1985. — 319 с.
  • Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. А. Я. Баханькова. — Мінск: Навука і тэхніка, 1994. — 463 с. — 1360 ас.
  • Шур В. В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. — 239 с.