Oasis (па-беларуску: Аазіс) — музычны гурт, створаны ў 1991 годзе ў Манчэстэры, Вялікабрытанія. Адзін з найбольш уплывовых гуртоў брыт-попу.

Oasis

Лаем і Ноэл Галагеры падчас выступу Oasis (2005 год)
Інфармацыя
Гады1991-2009
АдкульВялікабрытанія
Моваангельская
Жанр(ы)брыт-поп
ВыдавецBig Brother
Зьвязаныя праекты«Noel Gallagher's High Flying Birds», «Beady Eye»
Удзельнікі
Лаем Галагер, Ноэл Галагер, Тоні Маккэрал, Пол Артурс, Пол Макгіган, Alan White, Andy Bell, Джэм Арчар, Крыс Шэрак
Былыя ўдзельнікі*Лаем Галагер
  • Ноэл Галагер
  • Пол Артурс
  • Тоні Маккэрал
  • Пол Макгіган
  • Алан Ўайт
  • Джэм Арчар
  • Эндзі Бэл
  • Зак Старкі
Узнагароды і прэміі
http://www.oasisinet.com

Творчы касьцяк гэтага гурту з Манчэстэру[1] складаюць браты Галагеры: вакаліст Лаем Галагер (нар. 21 верасьня 1972) і гітарыст Ноэл (нар. 29 траўня 1967).

Гісторыя рэдагаваць

Браты вырасьлі на поўдні Манчэстэру ў сям’і ірляндзкіх каталікоў. Пакуль малодшы брат Лаем Галагер хадзіў у школу, Ноэл, які атрымаў у падарунак на 11-ы дзень нараджэньня гітару ад свайго бацькі, захапіўся панк-рокам, і, як і многія ягоныя аднагодкі, атрымліваў задавальненьне ад прагулаў, рабаваньня ды хуліганства. Ва ўзросьце 13 гадоў Ноэл быў асуджаны ўмоўна на паўгады за абрабаваньне раённай крамы, і пасьля гэтага здарэньня ўсур’ёз вырашыў заняцца музыкай, беручы прыклад з гітарыста Smiths Джоні Мара. Лаем Галагер не захапляўся музыкай да 1989 году, пакуль старэйшы брат не прывёў яго на канцэрт Inspiral Carpets. Ноэл пасябраваў з удзельнікам гэтага гурту Клінтам Бунам, потым стаў тэхнікам гурту і паехаў з музыкамі ў вялікае турнэ. У 1991 ён патэлефанаваў дадому, і маці сказала яму, што Лаем Галагер таксама стаў музыкам і сабраў свой уласны гурт.

Гітарыст Пол Артурс зь мянушкай Тупіца (нар. 23 ліпеня 1965), бубнач Тоні Маккэрал і Пол Макгіган (нар. 9 траўня 1971) гралі разам пад іменем Rain, а пасьля таго, як Лаем Галагер стаў вакалістам гурту, яны зьмянілі назву на Oasis.

У 1992 годзе пасьля канцэрту ў Манчэстэры да іх далучыўся Ноэл. Ён стаў гітарыстам і аўтарам амаль што ўсіх песень гурту. У траўні 1993 году яны выступілі ў Глазга, дзе зрабілі моцнае ўражаньне на ўладальніка лэйблу Creation Records Алана Макгі, які прысутнічаў на канцэрце выпадкова.

Пад канец 1993 году выйшаў дэбютны сынгл «Columbia». Кампазыцыя адразу ж трапіла ў плэй-ліст BBC Radio, што было вельмі рэдкім выпадкам, улічваючы палітыку радыёстанцыі. У пачатку наступнага году прэса літаральна абрушылася на гурт, крытыкуючы галоўным чынам амаральныя паводзіны музыкаў. З-за пастаяннага ўжываньня наркотыкаў і алькаголю было сарвана некалькі канцэртаў, і гэта прывяло да напружанай атмасфэры ўнутры калектыву.

Нягледзячы на гэта ў траўні 1994 году сынгл «Supersonic» трапіў у брытанскі Top 40, а наступны сынгл «Shakermaker», выпушчаны праз два месяцы, дабраўся да 11-га радка брытанскага гіт-параду сынглаў. Неўзабаве выйшаў сынгл «Live Forever», у якім вельмі адчуваўся ўплыў The Beatles, а на вокладцы дыску быў намаляваны дом, у якім вырас Джон Ленан. Сынгл трапіў у першую дзясятку альбомаў Вялікабрытаніі. Гэта сьведчыла пра тое, што дэбютны альбом гурту чакае вялікі посьпех, і ў верасьні 1994 году першы альбом «Definitely Maybe» заняў першы радок у гіт-парадзе Вялікабрытаніі.

У 1995 годзе гурт пачаў заваёўваць Злучаныя Штаты. Пасьля некалькіх канцэртаў гіты Oasis падабраліся да самага Top 50 часопісу Billboard. У сярэдзіне году бубнач Маккэрал пакінуў гурт, а яго месца заняў Алан Ўайт (нар. 26 траўня 1972). Разам зь ім гурт пачаў працаваць над сваім другім альбомам «(What's the Story) Morning Glory?», які выйшаў у кастрычніку 1995 году і стаў адным з найлепшых поп-альбомаў 90-х гадоў. Сынглы «Roll With It» і «Some might say» занялі першыя радкі чартаў у Вялікабрытаніі. Акрамя гэтага валікі посьпех мелі гіты «Wonderwall» і «Don’t look back in anger».

У 1997 годзе Oasis выпусьцілі свой трэці па ліку альбом «Be here now», якому папярэднічаў сынгл «D’you Know What I Mean?». Песьня заняла першае месца ў брытанскім гіт-парадзе. Фанаты з нецярпеньнем чакалі выхаду дыску, а ў дзень рэлізу каля крамаў грамафоннага запісу выстраіліся вялікія чэргі. Цягам 24 гадзін было прададзена 800 тыс. экзэмпляраў. Хаця ў альбоме ўсё яшчэ адчуваецца моцны ўплыў The Beatles, там аказалася шмат аўтэнтычных песень. «Stand by me», якая стала адной з найлепшых песень Ноэла Галагера і грандыёзная «All around the world», зробленая ў духу «Hey Jude», вельмі хутка атрымалі папулярнасьць у слухачоў па ўсім сьвеце.

У 1998 годзе выйшаў зборнік гітоў гурту, які ўключыў у сябе канцэртныя вэрсіі гітоў «Acquiesce» і «Stay Young». У жніўні наступнага года гурт пакінулі Артурз і Макгіган, на зьмену якім прыйшлі гітарыст Джэм Арчар (экс-Heavy Stereo) і бас-гітарыст Эндзі Бэл (экс-Ride, Hurricane №1). У 2000 годзе гурт выпусьціў чацьвёрты па ліку студыйны альбом «Standing on the shoulder of gaints». Нягледзячы на посьпех першага сынглу «Go Let it Out», які дэбютаваў у лютым на першым месцы, альбом не змог дасягнуць посьпеху сваіх папярэднікаў.

У красавіку 2002 году гурт зноў трапіў на вяршыні гіт-парадаў з сынглам «The Hindu Times», а затым выпусьціла новы альбом «Heathen Chemistry». Лаем Галагер прыняў удзел у запісу новых альбомаў Death in Vegas і Prodigy.

У 2009 годзе гурт разьдзяліўся на дзьве часткі — гітарыст і асноўны аўтар песень Ноэл Галагер сышоў і заснаваў свой уласны гурт «Noel Gallagher's High Flying Birds», астатнія ўдзельнікі працягнулі працаваць разам, але зьмянілі назву на «Beady Eye».

Дыскаграфія рэдагаваць

За сваю кар’еру гурт запісаў восем студыйных альбомаў і зборнік песень, якія былі выпушчаныя на другіх баках сынглаў[2]:

  • 1994 — «Definitely Maybe»
  • 1995 — «(What's the Story) Morning Glory?»
  • 1997 — «Be Here Now»
  • 1998 — «The Masterplan» (зборнік)
  • 2000 — «Standing on the shoulder of gaints»
  • 2002 — «Heathen Chemistry»
  • 2005 — «Don’t Believe The Truth»
  • 2008 — «Dig Out Your Soul»

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Oasis — SEfan.RU (рас.)
  2. ^ Music (анг.). Oasis.